BE RU EN

Афіцэра Дзям'яненку ў Крыме 11 сутак трымалі ў адзіночнай камеры

  • 3.04.2014, 11:32

Палоннаму прапаноўвалі вялікую зарплату і жыллё ў абмен на службу Расеі.

Вызвалены з расейскага палону Вячаслаў Дзям'яненка ўжо на шляху ў Кіеў і мае намер адпачыць пасля доўгага зняволення, паведаміў у чацвер 3 красавіка, кіраўнік Крымскага медыяцэнтра Мінабароны Уладзіслаў Селязнёў.

"Вячаслаў перасёк "мяжу" з мацерыковай Украінай у 1:40 ночы. Зараз ён накіроўваецца ў Кіеў", - перадае словы Селязнёва інфармагенцтва УНН.

Кіраўнік медыяцэнтра таксама распавёў, што ўвесь гэты час афіцэра трымалі ў адзіночнай камэры і падвяргалі вельмі моцнаму псіхалагічнаму ціску, каб прымусіць працаваць на Узброеныя сілы Расеі.

"Яго і запалохвалі, і прапаноўвалі разнастайныя "пернікі" ў выглядзе зарплаты касмічных памераў і жылля. Аднак Вячаслаў застаўся верным прысязе на вернасць народу Украіны. Ён стомлены, але не зламаны. Мае намер адпачыць", - адзначыў Селязнёў.

Раней Уладзіслаў Селязнёў паведаміў, што капітан Узброеных сіл Украіны Вячаслаў Дзям'яненка, вызвалены з палону ў Крыме, прыбыў на мацерыковую частку.

Капітан Дзям'яненка знік 23 сакавіка пасля захопу Цэнтра інфармацыйна-псіхалагічных аперацый. Былі дадзеныя аб тым, што яго ўтрымлівалі ў камендатуры Чарнаморскага флоту Расеі ў Севастопалі.

Пра вызваленне Дзям'яненкі з палону стала вядома ў ноч на 3 красавіка.

Апошнія навіны