BE RU EN

Захопнікі Славянска пацвердзілі затрыманне місіі АБСЕ

  • 25.04.2014, 19:57

Вячаслаў Панамароў не змог пацвердзіць, ці ёсць сярод затрыманых пасажыраў назіральнікі АБСЕ.

"Народны мэр" Славянска (Данецкая вобласць Украіны) Вячаслаў Панамароў пацвярджае інфармацыю аб затрыманні аўтобуса з украінскімі вайскоўцамі і цывільнымі асобамі, у аўтобусе, паводле ягоных звестак - забароненыя боепрыпасы, піша "Інтэрфакс".

"Мы сапраўды затрымалі аўтобус, там адразу ж былі знойдзеныя забароненыя разрыўныя кулі ды іншыя боепрыпасы, цяпер разбіраемся, хто былі гэтыя людзі, якія ў ім ехалі. Пакуль мы не можам пацвердзіць, што сярод іх сапраўды назіральнікі АБСЕ, бо мы не ўсталявалі пэўна іх прыналежнасць - будзем правяраць", - сказаў ён праз тэлефон.

Панамароў паведаміў, што затрыманыя знаходзяцца ў Славянску ў будынку ўправы СБУ, якую кантралююць антымайданаўцы.

Раней прэс-служба МУС Украіны паведаміла аб захопе групай невядомых аўтобуса, у якім знаходзіліся прадстаўнікі АБСЕ.

"25 красавіка 2014 года аб 11:40 на ўездзе ў горадзе Славянск з боку Краматорска невядомыя спынілі аўтобус з 13 пасажырамі. Сярод іх знаходзіліся 7 прадстаўнікоў АБСЕ, 5 прадстаўнікоў Узброеных Сіл Украіны і кіроўца транспартнага сродку", - адзначаецца ў паведамленні міністэрства, апублікаваным у пятніцу вечарам.

"Тэрарысты адвялі аўтобус з пасажырамі на тэрыторыю УСБУ ў Славянску. Цяпер захопленыя грамадзяне знаходзяцца там", - сцвярджаюць у МУС Украіны.

У міністэрстве паведамілі, што цяпер працягваюцца перамовы з асобамі, якія захапілі аўтобус.

Дагэтуль ў МЗС Украіны заявілі аб знікненні сувязі з членамі вайсковай верыфікацыйнай місіі АБСЕ ў Данецкай вобласці.

Апошнія навіны