BE RU EN

Лукашэнка заклапочаны зрывам пасяўной ва Украіне

  • 25.04.2014, 17:18

Беларускі кіраўнік лічыць, што самае страшнае для Украіны яшчэ наперадзе.

Пра гэта Лукашэнка заявіў сёння падчас размовы з жыхарамі Клімавічаў, перадае БелТА.

"Мы не хацелі б братазабойчай вайны ва Украіне і мы не хацелі б, каб ва Украіне гінулі людзі. Таму што гэта нашы людзі", - сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што літаральна ў гэтыя месяцы ў Беларусь прыехалі 4,5 тыс. чалавек, з іх амаль 2 тыс. з Украіны. "Вы ведаеце, гэта самае страшнае, калі людзі кідаюць наседжанае месца і разам з дзецьмі вымушаныя бегчы. Добра, мы іх прымаем. А куды дзявацца людзям?" - сказаў кіраўнік.

Лукашэнка нагадаў, што, выступаючы з пасланнем у "парламенце", казаў, што "Украіну сёння адрознівае не тое, што там людзі здурнелі, яны ашалелыя, яны не ведаюць, што адбываецца". "Ім інтэграцыю прапануе Еўразвяз, федэралізацыю Расея, яны не разумеюць, у чым сутнасць. Там ідзе барацьба паміж дзвюма сіламі з аднаго і другога боку, а людзі трапілі ў гэтую каніцель, у гэты кацёл. Простыя, вось такія людзі, як вы, і не ведаюць, што рабіць", - адзначыў ён.

"Адны клічуць на барыкады, іншым даюць зброю: ідзі страляй. У каго страляй? Вакол свае людзі, свае браты!" - сказаў беларускі дыктатар.

"І вось адурэлыя ад усіх гэтых нас, палітыкаў, людзі пачынаюць бегчы", - адзначыў Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на тое, што не можа забараніць уезд у краіну, аднак у Беларусі глядзяць, што за людзі едуць. "Калі сем'ямі, то зразумела. Але можа ж хлынуць і крымінал сюды. У нас і так яго хапае, ледзь спраўляемся з гэтым", - сказаў ён.

Кіраўнік падкрэсліў, што ў Беларусі вельмі заклапочаныя сітуацыяй ва Украіне. "І самае страшнае наперадзе", - лічыць ён. "Я лаю сваіх падначаленых, вашых начальнікаў, але яны хоць варушацца, сеюць, таму што заўтра хлеб патрэбны, малако, мяса, а без таго, каб пасеяць, ты ж нічога не прыбярэш. Там сёння няма гэтага працэсу фактычна. Дзе-нідзе толькі прыступілі да пасяўной кампаніі і ўжо яе выпусцілі. А дзесьці наогул гэта немагчыма. І людзі не бачаць перспектывы: навошта сеяць? А заўтра есці што? А дзяцей чым карміць? Таму гэта галоўная праблема, і я прэзідэнту (Украіны Аляксандру Турчынаву) ўчора сказаў: калі табе нешта трэба, то ты кажы, таму што заўтра будзе позна", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік заклікаў Расею і Захад "уціхамірыцца" для стабілізацыі сітуацыі ва Украіне, перадае "Інтэрфакс".

"Сітуацыя вельмі сур'ёзная, там (ва Украіне) трэба стабілізаваць становішча. І Захаду, і Расеі трэба ўціхамірыцца і зразумець адно: мы ў найвялікшай адказнасці за гэты кавалак зямлі, таму што там жыве ўнікальны народ, нашы людзі, славяне. І мы ў адказнасці за гэты народ, за яго культуру і за яго развіццё. Нельга дзейнічаць на знішчэнне дзяржавы і гэтага народа", - заявіў ён.

Нагадаем, раней Лукашэнка прызнаў захоп Крыма і яго ўваходжанне ў склад Расеі.

Апошнія навіны