BE RU EN

Украінскія сілавікі аднавілі аперацыю вызвалення Данбаса

  • 24.04.2014, 18:40

Антытэрарыстычная аперацыя адноўленая.

Пра гэта заявіў в.а. прэзідэнта Украіны, старшыня Вярхоўнай Рады Аляксандр Турчынаў у сваім звароце, які трансляваў тэлеканал «Рада».

Ён падкрэсліў, што тэрарысты, якія ўзялі ў закладнікі ўвесь Данецкі рэгіён, ужо даўно перайшлі мяжу чалавечнасці, а ўзброеныя злачынцы захопліваюць адміністрацыйныя будынкі і бяруць у закладнікі ўкраінскіх грамадзян і замежных журналістаў, катуюць і забіваюць патрыётаў Украіны.

«Улічваючы рэальную небяспеку і патрэбу абараніць людзей, мы аднавілі антытэрарыстычную аперацыю, якая сістэмна і паслядоўна рэалізуецца з мэтай поўнай лакалізацыі тэрарыстычнай пагрозы, абароны мірных грамадзян нашай краіны», - падкрэсліў Турчынаў.

У той жа час, падкрэсліў ён, Расейская Федэрацыя «каардынуе і адкрыта падтрымлівае забойцаў - тэрарыстаў, якія дзейнічаюць са зброяй у руках на ўсходзе нашай краіны».

Аперацыя вызвалення Славянска, які захапілі тэрарысты, пачалася сёння днём. Байцы Нацыянальнай гвардыі і сілавікі занялі блокпасты на ўскраінах горада, збудаваныя захопнікамі.

«Падчас правядзення антытэрарыстычнай аперацыі, падраздзяленнямі МУС і МА дэблакаваныя і знішчаныя 3 блокпасты незаконных узброеных фармаванняў у паўночна-ўсходняй частцы горада Славянска Данецкай вобласці. Падчас баявога сутыкнення да 5 тэрарыстаў было знішчана. З боку ўдзельнікаў АТА адзін баец атрымаў рану», - заявілі ў МУС Украіны.

Пасля атрымання інфармацыі аб сцягванні да мяжы краіны войскаў Расеі аперацыю, паводле звестак шэрагу СМІ, прыпынілі.

Са слоў журналістаў у Славянску і Краматорску, якія ператвораныя тэрарыстамі ў галоўныя апорныя пункты на Данбасе, знаходзіцца блізу 2 тысяч баявікоў. Сярод іх ёсць і грамадзяне Беларусі.

AFP Photo/Kirill Kudryavtsev
REUTERS/Gleb Garanich
AP Photo/Mika Velikovskiy
AFP Photo/Kirill Kudryavtsev
REUTERS/Gleb Garanich
REUTERS/Gleb Garanich

Апошнія навіны