BE RU EN

На баку ваяўнікоў у Славянску ваююць чачэнцы

  • 23.04.2014, 21:37

На блок-пастах у Славянску стаяць узброеныя чачэнцы.

Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі распавяла Алена Рыбак - жонка забітага дэпутата Горлаўскай гаррады Уладзіміра Рыбака, паведамляе мясцовае выданне «Новости Донбасса».

Паводле ейных слоў, учора гэтыя людзі не пусцілі яе ў горад на апазнанне цела мужа.

«Там стаяць людзі з аўтаматамі, людзі чачэнскай нацыянальнасці, гавораць з акцэнтам, з бародамі. Мост быў пад аховай гэтых людзей», - заявіла яна.

Сёння яна усё ж такі здолела патрапіць на апазнанне.

Нагадаем, з 6 красавіка расейскія дыверсійныя групы і мясцовыя сэпаратысты пачалі планамерныя захопы будынкаў адміністрацый ва ўсходніх абласцях Украіны, а таксама упраў МУС і СБУ, якія прывабліваюць ваяўнікоў зброевым арсэналам.

У адказ улады Украіны прынялі пастанову аб пачатку антытэрарыстычнай аперацыі ва ўсходніх рэгіёнах краіны. На Данбас перакінулі вайскоўцаў і тэхніку.

Уночы 20 красавіка ў горадзе Славянску Данецкай вобласці, які захоплены тэрарыстамі, была арганізаваная чарговая правакацыя. Пад 3:00 на блок-посце паміж дзвюма групамі грамадзян ўзнікла ўзброеная сутычка. У выніку гэтага загінулі, паводле розных звестак, ад аднаго да трох чалавек. Тэрарысты выкарыстоўвалі правакацыю для просьбы да Пуціна аб увядзенні войскаў ва Усходнюю Украіну.

Апошнія навіны