BE RU EN

Прадпрымальнікаў абавяжуць прадаваць беларускі неліквід

  • 23.04.2014, 20:17

Беларускіх ІП, што працуюць на рынку, плануецца абавязаць мець айчынныя аналагі імпартнай прадукцыі, якой яны гандлююць.

Пра гэта паведаміў сёння журналістам віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч, паведамляе БелТА.

Міністэрства гандлю распрацоўвае адпаведныя асартымэнтныя пералікі, якія будуць дзейнічаць на рынку. Гэта робіцца для таго, каб у спажыўца быў выбар, "гэта значыць, калі ёсць імпартны тавар, павінен быць і айчынны", растлумачыў віцэ-прэм'ер.

Пётр Пракаповіч звярнуў увагу, што яшчэ даслоўна 10 гадоў таму імпарт спажывецкіх тавараў знаходзіўся на ўзроўні 10-15%. Летась гэтая лічба вырасла ўжо да 30%. На долю харчовых тавараў у агульным аб'ёме імпарту прыпадала 32%, нехарчовай сфэры рынку - 64%. Агулам за 2013 год Беларусь імпартавала спажывецкіх тавараў больш чым на $ 7 млрд. Пры гэтым толькі 15% ад гэтай сумы пайшло на тавары, якія краіна сёння не здольная вырабляць сама.

Выходзіць замкнёнае кола, канстатаваў віцэ-прэм'ер. Прыбыткі насельніцтва падвышаюцца, але яны выдаткоўваюцца на імпартныя тавары і паслугі, замест таго каб ісці на развіццё ўласнай эканомікі.

"Таму цалкам натуральна, што кіраўнік дзяржавы паставіў задачу разарваць гэтае заганнае кола і працаваць такім чынам, каб мы забяспечылі канкурэнтаздольнымі таварамі і паслугамі патрэбы нашага насельніцтва", - адзначыў Пётр Пракаповіч. Калі не зрабіць гэтага цяпер, сітуацыя на валютным рынку будзе складанай, не выпадзе забяспечыць стабільнага развіцця эканомікі ў цэлым.

Выйсце з цяперашняй сітуацыі, са слоў віцэ-прэм'ера, павінна ажыццяўляцца ў некалькі этапаў. Першы з іх - не павялічваць дзель у агульным тавараабарачэнні імпартных тавараў і паслуг. "30% - гэта больш чым дастаткова", - мяркуе Пётр Пракаповіч. На другім этапе трэба пакрысе зніжаць гэтую дзель і накіроўваць грошы, якія ёсць у насельніцтва, на развіццё ўласнага бізнэсу, уласных прадпрыемстваў, эканомікі і падвышэнне жыццёвага ўзроўню.

Апошнія навіны