BE RU EN

Тэрарысты патрабуюць зброю ў абмен на жыццё кіраўніка міліцыі Краматорска

  • 22.04.2014, 16:28

Кіраўніцтва МУС разглядае гэты факт як відавочнае парушэнне Жэнеўскіх пагадненняў.

Захопнікі патрабуюць ў абмен на жыццё і здароўе начальніка гарадскога ўпраўлення міліцыі горада Краматорска Данецкай вобласці Віталя Калупая перадаць ім табельную зброю падраздзялення МУС. Пра гэта паведамляе прэс-служба МУС Украіны.

"Учора невядомымі ўзброенымі людзьмі пад камандаваннем грамадзяніна РФ Ігара Стралкова быў захоплены ў закладнікі начальнік гарадскога ўпраўлення міліцыі горада Краматорска Данецкай вобласці палкоўнік міліцыі Віталь Калупай. Захопнікі прапанавалі ў абмен на жыццё і здароўе начальніка міліцыі перадаць ім табельную зброю падраздзялення МУС", - гаворыцца ў паведамленні.

Кіраўніцтва МУС разглядае гэты факт як відавочнае парушэнне Жэнеўскіх пагадненняў, дасягнутых у ходзе чатырохбаковых перамоваў 18 красавіка 2014 года. Выконваючы патрабаванні гэтых пагадненняў, урад Украіны распрацаваў і перадаў у парламент законапраект аб амністыі захопнікаў адміністрацыйных будынкаў. Супрацоўнікі міліцыі атрымалі і выканалі выразныя ўказанні аб прыпыненні рэалізацыі антытэрарыстычнай аперацыі на час велікодных святаў, піша zn.ua.

З іншага боку, з боку Расеі назіраецца дэманстратыўнае ігнараванне дасягнутых дамоўленасцяў. У прыватнасці, працягваюцца захопы адміністрацыйных будынкаў, правакацыі з ужываннем агнястрэльнай зброі, а таксама дзейнасць расейскіх дыверсійных груп, якія арганізоўваюць гэтыя інцыдэнты.

У ходзе сустрэчы прэм'ер-міністра Украіны Арсенія Яцанюка з дэлегацыяй АБСЕ, Міністр унутраных спраў Арсэн Авакаў выказаў часоваму паверанаму ў справах РФ ва Украіне Аляксею Вараб'ёву здзіўленне з нагоды дыверсійнай дзейнасці супрацоўнікаў ГВУ Расеі, якая працягваецца на тэрыторыі Украіны, у прыватнасці, Ігара Безлера ("Беса") і Ігара Стралкова ("Стралка").

Нагадаем, з 6 красавіка расейскія дыверсійныя групы і мясцовыя сепаратысты пачалі планамерныя захопы будынкаў адміністрацый ва ўсходніх абласцях Украіны, а таксама ўпраўленняў МУС і СБУ, якія прывабліваюць баевікоў зброевым арсеналам.

У адказ улады Украіны прынялі рашэнне аб пачатку антытэрарыстычнай аперацыі ва ўсходніх рэгіёнах краіны. На Данбас перакінулі вайскоўцаў і тэхніку.

Ноччу 20 красавіка ў горадзе Славянску Данецкай вобласці, які захоплены тэрарыстамі, была арганізаваная чарговая правакацыя. Каля 3:00 на блокпосце паміж дзвюма групамі грамадзян узнікла ўзброеная сутычка. У выніку гэтага, загінулі, па розных дадзеных, ад аднаго да трох чалавек. Тэрарысты выкарыстоўвалі правакацыю для просьбы да Пуціна аб увядзенні войскаў ва Усходнюю Украіну.

Апошнія навіны