BE RU EN

«Багатыя» беларусы будуць плаціць за медыцыну

  • 22.04.2014, 15:35

Лукашэнка выступае за развіццё платных медыцынскіх паслуг.

Пра гэта ён заявіў сёння, звяртаючыся з пасланнем да беларускага народа і «парламента», перадае БелТА.

«Мы павінны разумець: якасная медыцына - гэта выключна дорага, гэта самае дарагое задавальненне ў любой краіне. Нават у самых развітых, самых багатых краінах дзяржава не здольная ўзяць на сябе ўсе выдаткі ў медыцынскай сферы, - адзначыў ён. - Мы падтрымліваем і будзем падтрымліваць медыцыну. Але прыйшоў час укараняць новыя формы - у прыватнасці, развіваць, папулярызаваць сярод насельніцтва добраахвотнае медыцынскае страхаванне».

Базавы ўзровень дзяржава забяспечыць усім і заўсёды, запэўніў прэзідэнт, падкрэсліўшы, што гэта прамое абавязацельства дзяржавы. «У нас не павінен валяцца пад плотам хворы чалавек, калі ў яго няма страхоўкі, як гэта адбываецца ў багатай Амерыцы і з чым змагаецца цяперашні прэзідэнт Злучаных Штатаў Амерыкі, ніяк не можа правесці гэтую рэформу ў патрэбным для насельніцтва плане», - сказаў ён.

Акрамя базавага ўзроўню, ёсць высокатэхналагічнае лячэнне, і на яго аказанне ў краіне затрачаныя мільярды даляраў.

«І хто хоча атрымаць асаблівыя ўмовы лячэння і адмысловую якасць, павінен разумець - гэта не бясплатна, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Прымусіць чалавека выкласці са сваёй кішэні поўны кошт аперацыі мы ніколі не зможам, мы на гэта не пойдзем. Нават у заможнага чалавека грошай на гэта можа не хапіць. Для гэтага ва ўсім свеце і існуюць страхавыя сістэмы. Прыйшоў час і ў нас адаптаваць лепшы сусветны досвед».

На думку Лукашэнкі, трэба актыўна развіваць платныя паслугі ў медыцыне, добраахвотнае медыцынскае страхаванне. «Дарэчы, на гэты конт мной нядаўна падпісаны спецыяльны ўказ, якім сфера добраахвотнага медыцынскага страхавання істотна пашыраная», - дадаў ён.

«У Беларусі ёсць людзі, якія сёння павінны плаціць, якія могуць плаціць і хочуць заплаціць, каб медыцына нармальна развівалася», - сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што за медыцыну будуць плаціць толькі заможныя людзі, у гэтым пытанні, паводле яго слоў, «патрэбная дыферэнцыяцыя».

«Давайце здымаць пену там, дзе яна ўжо ёсць!» - заклікаў ён.

Апошнія навіны