На мітынг сепаратыстаў у Харкаве прыйшлі 300 чалавек
- 21.04.2014, 16:39
Удзельнікі мітынгу патрабуюць правядзення рэферэндуму па пытанні федэралізацыі Украіны і прадастаўлення статусу дзяржаўнай рускай мове.
Сёння ў Харкаве мітынг з патрабаваннем федэралізацыі Украіны праводзяць больш за 300 чалавек. Людзі сабраліся перад помнікам Леніну на плошчы Свабоды.
Як перадае УНІАН, удзельнікі мерапрыемства трымаюць сцягі Расейскай Федэрацыі, СССР, георгіеўскія і манархісцкія стужкі, сцягі з сімволікай некалькіх грамадскіх арганізацый, а таксама транспаранты з надпісамі "Харкаў патрабуе рэферэндум", "Януковіч, на працу". Людзі таксама скандуюць: "Рэферэндум".
Удзельнікі мітынгу патрабуюць правядзення рэферэндуму па пытанні федэралізацыі Украіны, прадастаўлення статусу дзяржаўнай рускай мове, вызвалення затрыманых у Харкаве сепаратыстаў. Адзін са спікераў мітынгу прапанаваў правесці рэферэндум аб федэралізацыі 11 траўня.
З раніцы ў Харкаве ў сувязі з мітынгам зачыненыя дзве станцыі метро. Супрацоўнікі міліцыі праводзяць агляд вялікіх сумак людзей, якія праходзяць праз парк імя Шаўчэнкі.