BE RU EN

Януковіч патрабуе ад украінцаў не супраціўляцца тэрарыстам

  • 21.04.2014, 16:19

Былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч выступіў з чарговай пісьмовай заявай.

Згодна з тэкстам дакумента, які паступiў у ІТАР-ТАСС, ён запатрабаваў «адвесці ўсе ўзброеныя сілы Украіны ў месцы пастаяннай дыслакацыі, вывесці з усходу атрады Нацыянальнай гвардыі і пачаць дыялог з насельніцтвам усходніх рэгіёнаў».

У сваёй заяве Януковіч таксама прапануе правесці «рэферэндумы» па пытанні федэралізацыі краіны і паўнамоцтваў абласцей, затым - «рэферэндум» аб прэзідэнцкай, альбо парламенцкай форме ўлады ва Украіне і па выніках правесці канстытуцыйную рэформу. Толькі пасля гэтага, на яго думку, магчыма будзе праводзіць парламенцкія і прэзідэнцкія выбары і пры стварэнні сістэмы міжнароднага кантролю за імі.

Нагадаем, з 6 красавіка расейскія дыверсійныя групы і мясцовыя сепаратысты пачалі планамерныя захопы будынкаў адміністрацый ва ўсходніх абласцях Украіны, а таксама ўпраўленняў МУС і СБУ, якія прывабліваюць баевікоў зброевым арсеналам.

У адказ улады Украіны прынялі рашэнне аб пачатку антытэрарыстычнай аперацыі ва ўсходніх рэгіёнах краіны. На Данбас перакінулі вайскоўцаў і тэхніку.

Ноччу 20 красавіка ў горадзе Славянску Данецкай вобласці, які захоплены тэрарыстамі, была арганізаваная чарговая правакацыя. Каля 3:00 на блокпосце паміж дзвюма групамі грамадзян узнікла ўзброеная сутычка. У выніку гэтага, загінулі, па розных дадзеных, ад аднаго да трох чалавек. Тэрарысты выкарыстоўвалі правакацыю для просьбы да Пуціна аб увядзенні войскаў ва Усходнюю Украіну.

Апошнія навіны