BE RU EN

На Данбасе колькасць прыхільнікаў Расеі скарацілася ўдвая

  • 21.04.2014, 15:50

Колькасць прыхільнікаў далучэння да Расеі на Данбасе ў апошні час упала да 18%.

Як паведамляе Цензор.НЕТ, пра гэта заявіў губернатар Данецкай вобласці Сяргей Тарута ў інтэрв'ю «Главкому».

«Сёння ўжо пытанне адлучэння ад Украіны і далучэння да Расеі не гучыць, - адзначае Тарута. - Гэта пра што гаворыць? Пра тое, што мы вядзем дыялог, і гэты дыялог паспяховы. Калі я ўступіў у гэтую пасаду - мы рабілі сацыялагічнае апытанне. 38% былі за далучэнне да Расеі. У пятніцу мы рабілі новы зрэз - засталося 18%. Гэта тая праца, якая нябачная, але яна вельмі важная.

Людзі тут таксама стаміліся. Стаміліся ад карупцыі, ад таго, што міліцыя не абараняе іх, а, наадварот, прымушае плаціць. Шмат усяго назбіралася. І назапасілася гэта ж не толькі з-за сённяшніх дзеянняў улады. Хоць сённяшнія дзеянні таксама дапамагаюць абвастраць гэтыя супярэчнасці. Віктар Юшчанка, калі прыехаў сюды ў першы раз, замест таго, каб сказаць: «Хлопцы, я ведаю, хто тут крыўдзіў вас, я ваш абаронца», ён сабраў абласную адміністрацыю і сказаў «Вы тут усе сукіны дзеці, і я з вамі буду вельмі моцна разбірацца!». І ён адразу ж быў адрынуты Данбасам».

Тарута таксама адзначыў спецыфіку Данбаса.

«Ён не такі, як іншыя вобласці. Я не кажу, што ён лепш ці горш, але тут ёсць нюансы. І мы памятаем, што першыя пратэстныя рухі гарнякоў у СССР - яны тут пачыналіся», - сказаў ён.

Нагадаем, з 6 красавіка расейскія дыверсійныя групы і мясцовыя сепаратысты пачалі планамерныя захопы будынкаў адміністрацый ва ўсходніх абласцях Украіны, а таксама ўпраўленняў МУС і СБУ, якія прывабліваюць баевікоў зброевым арсеналам.

У адказ улады Украіны прынялі рашэнне аб пачатку антытэрарыстычнай аперацыі ва ўсходніх рэгіёнах краіны. На Данбас перакінулі вайскоўцаў і тэхніку.

Ноччу 20 красавіка ў горадзе Славянску Данецкай вобласці, які захоплены тэрарыстамі, была арганізаваная чарговая правакацыя. Каля 3:00 на блокпосце паміж дзвюма групамі грамадзян узнікла ўзброеная сутычка. У выніку гэтага, загінулі, па розных дадзеных, ад аднаго да трох чалавек. Тэрарысты выкарыстоўвалі правакацыю для просьбы да Пуціна аб увядзенні войскаў ва Усходнюю Украіну.

Апошнія навіны