BE RU EN

Байцы УС Украіны адбілі напад узброеных сепаратыстаў

  • 21.04.2014, 11:24

Украінскія дэсантнікі далі адпор сепаратыстам у Дабрапольскім раёне Данецкай вобласці.

У дабрапольскім раёне Данецкай вобласці вайскоўцы адной з частак высокамабільных дэсантных войскаў Узброеных Сіл (УС) Украіны, якія ахоўвалі дзяржаўны аб'ект, адбілі ўзброены напад людзей у масках.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Украіны.

Як паведамляецца, нападнікі прыбылі на месца здарэння на некалькіх матацыклах. Падабраўшыся блізка да варты, яны адкрылі агонь па вайскоўцах з агнястрэльнай зброі. У адказ воіны-дэсантнікі ўжылі стралковую зброю.

У выніку перастрэлкі адзін з нападнікаў быў паранены. Яшчэ двое пры спробе схавацца былі затрыманыя і перададзеныя праваахоўным органам.

З боку вайскоўцаў УС Украіны пацярпелых няма. Ахова аб'ектаў у рэгіёне ўзмоцненая.

Нагадаем, з 6 красавіка расейскія дыверсійныя групы і мясцовыя сепаратысты пачалі планамерныя захопы будынкаў адміністрацый ва ўсходніх абласцях Украіны, а таксама ўпраўленняў МУС і СБУ, якія прывабліваюць баевікоў зброевым арсеналам.

У адказ улады Украіны прынялі рашэнне аб пачатку антытэрарыстычнай аперацыі ва ўсходніх рэгіёнах краіны. На Данбас перакінулі вайскоўцаў і тэхніку.

Апошнія навіны