BE RU EN

АБСЕ знайшла прыкметы замежных кансультантаў на Данбасе

  • 20.04.2014, 19:47

Місія АБСЕ знайшла прыкметы працы замежных кансультантаў ва ўсходніх абласцях Украіны.

Як паведамляе Радыё Свабода, пра гэта заявіў кіраўнік місіі Клаўс Цылікенс. Аднак ён удакладніў, што дакладных довадаў гэтага ў місіі АБСЕ пакуль няма.

Пры гэтым Цылікенс, які раней доўгі час працаваў у рэгіёне як консул Нямеччыны, адзначыў, што цяперашняя адсутнасць довадаў не азначае, што замежных вайскоўцаў на тэрыторыі Украіны няма.

«Можа, заўтра будуць такія довады, я гэтага не выключаю. Пакуль іх (довадаў) няма. Але прыкметы ёсць», - адзначыў ён.

Цылікенс таксама дадаў, што ў паведамленнях аб колькасці загінулых у сутыкненнях з удзелам сепаратыстаў ва Украіне звычайна завышаюць. У прыватнасці, у Марыупалі, дзе паведамлялася аб трох загінулых нападніках на ўкраінскую вайсковую частку, місія змагла пацвердзіць толькі аднаго загінулага.

З ягоных слоў, місія карыстаецца толькі адкрытай інфармацыяй, гэта значыць «глядзіць і піша пра тое, што бачыць на месцы». На базе гэтай інфармацыі можа быць створана не зусім поўная карціна, але Цылікенс мяркуе, што гэтая карціна аб'ектыўная.

Нагадаем, з 6 красавіка расейскія дыверсійныя групы і мясцовыя сепаратысты пачалі планамерныя захопы будынкаў адміністрацый ва ўсходніх абласцях Украіны, а таксама ўпраўленняў МУС і СБУ, якія прывабліваюць баевікоў зброевым арсеналам.

У адказ улады Украіны пастанавілі аб пачатку антытэрарыстычнай аперацыі ва ўсходніх рэгіёнах краіны. На Данбас перакінулі вайскоўцаў і тэхніку.

Апошнія навіны