BE RU EN

«Вялікая гульня» за спінамі ўкраінцаў

  • 2.04.2014, 12:36

Пуцін выкарыстоўвае дыпламатычную тактыку ХIХ стагоддзя.

Перад тым як Расея раскалола на часткі Украіну, захапіўшы Крымскі паўвостраў, прэзідэнт ЗША Барак Абама заявіў, што свет - "гэта не шахматная дошка эпохі халоднай вайны, дзе мы канкуруем з Расеяй", піша The Christian Science Monitor (пераклад — Inopressa.ru) у рэдакцыйным артыкуле.

Аднак пазней, калі Абама атрымаў па тэлефоне ад прэзідэнта Пуціна прапанову абмеркаваць здзелку па астатняй Украіне, ён накіраваў дзяржсакратара Джона Кэры на перамовы з яго расейскім калегам у Парыж. У нядзелю дамоўленасць не была дасягнутая, але Расея ўжо атрымала вялікі прыз: на гэтай сустрэчы не было нікога з Украіны, паказвае выданне.

Сёння, у эру дэмакратыі і інтэрнэту, тактыка Пуціна нагадвае пра тыя дні, калі буйныя дзяржавы звярталіся з дробнымі як з пешкамі, узвышаючыся над галовамі ў іх народаў і іх лідараў. Размясціўшы 50 тыс. вайскоўцаў на мяжы з Украінай, Расея паставіла сваіх "коней" на полі Еўропы. ЗША адказалі адпраўкай ваенных самалётаў у краіны НАТА ўздоўж расейскіх межаў.

Газета лічыць гэта вяртаннем да манеўраў і разлікаў эпохі халоднай вайны і імперыялізму XIX стагоддзя, калі Джордж Керзан, брытанскі лорд, які стаў віцэ-каралём у Індыі, мог заявіць, што краіны Цэнтральнай Азіі - гэта "клеткі на шахматнай дошцы, на якой разыгрываецца гульня за дамінаванне ў свеце".

Украінцы прыйдуць 25 траўня на галасаванне, каб аднавіць дэмакратыю, пішуць аўтары рэдакцыйнага артыкула, падкрэсліваючы: "Яны не пешкі. Яны - грамадзяне, якія выступаюць за агульначалавечыя каштоўнасці, якія вышэй імперый і ідэалогій".

Апошнія навіны