BE RU EN

Расея патрабуе ад уладаў Украіны разагнаць Майдан

  • 18.04.2014, 21:55

Амбасадар Расеі пры ЕЗ заявіў, што Украіна няправільна зразумела дамоўленасці ў Жэнэве.

У прыватнасці Уладзімір Чыжоў адзначыў, што патрабаванне вызваліць вуліцы і будынкі ставіцца не толькі да ваяўнікоў ва ўсходніх рэгіёнах краіны, але і да ўдзельнікаў намётавага мястэчка на Майдане Незалежнасці. Пра гэта дыпламат заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу «Расія 24».

«Калі ж казаць пра тое, як тлумачыцца дакумэнт, падпісаны ў Жэнэве, у Кіеве, то, на жаль, яны гэта ўспрынялі няправільна, а менавіта, што патрабаванне стасуецца да ўсходніх і паўднёвых рэгіёнаў краіны, гэта значыць да тых актывістаў, якія выступаюць за федэралізацыю. А Кіева гэта, маўляў, не датычыцца, бо там усё законна, у тым ліку доўжаную акупацыю Майдана, барыкады, покрыўкі і гэтак далей», - заявіў Уладзімір Чыжоў.

Нагадаем, учора ў Жэнэве адбыліся перамовы ў фармаце ЗША-ЕЗ-Украіна-Расея. Сторанамі была прынятая дамоўленасць аб дээскалацыі сітуацыі ва Украіне. Поўны тэкст рэзалюцыі апублікаваны на сайце МЗС Украіны.

У выніку сустрэчы дзяржсакратар Джон Кэры заявіў, што ЗША ўвядуць дадатковыя эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Расеі ў выпадку адсутнасці хуткага прагрэсу ва Украіне. У сваю чаргу, прэм'ер-міністр Украіны Арсеній Яцэнюк заявіў, што Расея павінна неадкладна выканаць тэзісы Жэнеўскай заявы.

Апошнія навіны