BE RU EN

«Чарнобыльскі шлях»: ад Акадэміі Навук да Бангалор

  • 18.04.2014, 13:15

Збор удзельнікаў акцыі - 26 красавіка ў 16-00 каля кінатэатра «Кастрычнік».

Арганізатары «Чарнобыльскага шляху» атрымалі адказ з Менгарвыканкама, у адпаведнасці з якім 26 красавіка шэсце дазваляецца правесці па праспекце Незалежнасці і вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў.

Заяўку ў Менгарвыканкам на правядзенне дэманстрацыі падавалі прадстаўнікі аргкамітэта «Чарнобыльскага шляху» Марына Хоміч (аргкамітэт БХД), Ілля Дабратвор (рух салідарнасці «Разам») і Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ).

«Такім чынам, збор адбудзецца з 16.00 да 16.30 каля кінатэатра «Кастрычнік», затым пройдзем шэсцем па праспекце Незалежнасці і вуліцы Сурганава. З 17.30 да 18.30 дазволены мітынг у парку Дружбы народаў», - паведаміў «Радыё Свабода» адзін з заяўнікаў, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Заяўка была пададзеная на правядзенне шэсця ў першай палове дня і зусім па іншым маршруце - па вуліцах Сурганава і Якуба Коласа ў Курапаты.

«Нам патлумачылі, што паказаны ў заяўцы маршрут парушае артыкул 4.9 Закона Рэспублікі Беларусь аб правядзенні масавых мерапрыемстваў, у адпаведнасці з якім дэманстрацыі не могуць праходзіць побач з будынкамі, у якіх знаходзіцца шмат людзей», - дадаў Аляксей Янукевіч.

«Чарнобыльскі шлях» - вулічная акцыя, якую беларуская апазіцыя праводзіць штогод з 1988 года ў Менску ў фармаце шэсця, якое завяршаецца мітынгам прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Выключэнне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады ўпершыню забаранілі шэсце, даўшы дазвол толькі на правядзенне мітынгу.

Апошнія навіны