BE RU EN

Ва ўхілістаў ад войска будуць адбіраць правы

  • 17.04.2014, 10:47

Пракуратура Гомельскай вобласці правяла аналіз абгрунтаванасці выдачы правоў кіроўцы асобам, якім па шэрагу медыцынскіх паказанняў дазволілі не служыць у войску.

"Ёсць маладыя людзі, якія прызнаюцца непрыдатнымі да службы ў войску па шэрагу захворванняў. Гаворка ідзе пра хваробы нервовай сістэмы, псіхічныя і паводніцкія расстройствы, а яшчэ такія дыягназы, як разумовая адсталасць, алкагалізм", - заявіла ў інтэрв'ю газеце "СБ. Беларусь сегодня" намеснік начальніка аддзела пракуратуры Гомельскай вобласці Алена Канопліч.

"Гэтыя ж захворванні і супрацьпаказанні забараняюць допуск асоб да кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі. Калі па такіх падставах прызыўнік нягодны да службы, то і пасведчання кіроўцы ў яго быць не павінна", - працягнула пракурор.

Пры гэтым яна прывяла факты, якія былі ўстаноўленыя ў ходзе пракурорскай праверкі, піша "Інтэрфакс".

"У прыватнасці, у Хойніцкім раёне з 2011 па 2013 год 30 прызыўнікоў залічаныя ў запас на падставе дыягназаў, якія забараняюць допуск да кіравання аўтамабілямі. Але ў васьмі з іх ёсць правы і яны руляць. Яшчэ цікавей расклад у Калінкавіцкім раёне. Тут са 198 маладых людзей, якія па той жа прычыне не могуць служыць у войску, 54 - кіроўцы, з іх 21 знаходзіцца на ўліку ў псіхіятра", - паведаміла Канопліч.

Яна таксама ўдакладніла, што "пасля перапрацоўкі матэрыялаў праверкі пракуратура Гомельскай вобласці паставіла пад сумнеў 283 уладальнікаў пасведчанняў кіроўцы". "Цяпер яны павінны будуць прайсці пераагляд. Калі дыягназы застануцца ў сіле - правы забяруць", - падкрэсліла прадстаўнік пракуратуры.

"Асобна правераць Мазырскую цэнтральную гарадскую паліклініку, адкуль неяк асабліва шмат выйшла "ўліковых" кіроўцаў. Усяго ж вынесена 12 прадстаўленняў і 4 прадпісанні аб ухіленні парушэнняў. Няма сумневаў - у гэтым першасным звяне на Гомельшчыне зараз навядуць парадак", - сказала Канопліч.

Апошнія навіны