BE RU EN

Мясніковіч прапанаваў Ірану разам змагацца супраць санкцый

  • 16.04.2014, 20:23

Міхаіл Мясніковіч прапанаваў аб'яднаць намаганні Беларусі ды Ірана для мінімізацыі негатыўных наступстваў санкцый.

Пра гэта ён заявіў 16 красавіка ў Менску на сустрэчы са старшынём Сходу ісламскай рады Ірана Алі Ларыджані, паведамляе прэс-служба ўрада Беларусі.

"У нас нядрэнныя вынікі супрацоўніцтва не толькі ў гандлі, але і ў інвестыцыйнай сферы, навуцы, тэхналогіях, адукацыі, культуры. У Беларусі ўпэўненыя, што патэнцыял дзяржавы дазваляе нарасціць аб'ёмы тавараабарачэння, якое крыху знізілася ў мінулым годзе з незалежных ад нас прычын", - заявіў прэм'ер-міністр Беларусі.

На думку Мясніковіча, на сітуацыю ў асноўным паўплываў узмацнелы рэжым аднабаковых фінансава-эканамічных санкцый у дачыненні да Ірана.

"Санкцыі - нецывілізаваны шлях развязання праблем ва ўзаемадачыненнях дзяржаў, і да іх звяртаюцца краіны, якія не маюць важкіх аргументаў для абгрунтавання сваёй пазіцый, - заявіў Міхаіл Мясніковіч. - Мы маглі б аб'яднаць намаганні для мінімізацыі негатыўных наступстваў санкцый. Імкненне тут зразумелае: аслабіць эканоміку нашых дзяржаў, сілай навязаць свае ўмовы і ў пэўнай ступені ўвайсці на нашыя рынкі. Такі падыход мы асуджаем"./i>

Са слоў Міхаіл Мясніковіча, Беларусь ды Іран - даўнія партнёры, якія канструктыўна выбудоўваюць узаемадачыненні, умацоўваюць супрацоўніцтва. Беларусь разглядае Іран у якасці надзейнага партнёра, уплывовай дзяржавы і аўтарытэтнага ўдзельніка міжнародных стасункаў.

Кіраўнік урада звярнуў увагу, што ў Беларусі імкнуцца стварыць для працы іранскіх кампаній (у першую чаргу гэта тычыцца інвестараў) камфортныя ўмовы, якія будуць захаваныя надалей.

У сваю чаргу спікер сходу ісламскай рады Ірана Алі Ларыджані канстатаваў, што паміж Іранам і Беларуссю "вельмі ўстойлівыя палітычныя і гандлёва-эканамічныя стасункі", якія не змяняюцца з часам. На ягоную думку, важна захаваць цяперашні ўзровень узаемадзеяння з улікам крызісу ў бліжэйшых да краін рэгіёнах - Сірыі ды Украіне. "На шчасце, пазіцыі нашых краін на міжнароднай арэне ў шмат якіх пытаннях супадаюць, - сказаў Алі Ларыджані. - Воля абодвух бакоў палягае ў паглыбленні супрацоўніцтва".

Апошнія навіны