Расея паказала, як трэба знішчаць тэрарыстаў (Відэа)
- 16.04.2014, 16:49
Войскі Расеі ўжо амаль 20 гадоў вядуць «контртэрарыстычную аперацыю» на Паўночным Каўказе.
У баявых дзеяннях у розны час бралі і бяруць удзел тэхніка, цяжкая артылерыя і авіяцыя. Ахвярамі аперацыі сталі тысячы мірных жыхароў. Пацярпелі дзесяткі населеных пунктаў, вялікая колькасць людзей сталі бежанцамі. Прыклад таго, як расейскія сілавікі праводзяць «контртэрарыстычныя аперацыі» прыводзіць ТСН.
Журналісты паказваюць кадры, знятыя ў апошнія гады на Паўночным Каўказе. Яны адзначаюць, што пры гэтым МЗС Расеі забараняе Украіне ўжываць сілу супраць тэрарыстаў, якія захапілі будынкі і закладнікаў на ўсходзе краіны.
Нагадаем, з 6 красавіка расейскія дыверсійныя групы і мясцовыя сепаратысты пачалі планамерныя захопы будынкаў адміністрацый ва ўсходніх абласцях Украіны, а таксама ўпраўленняў МУС і СБУ, якія прывабліваюць баевікоў зброевым арсеналам.
У адказ улады Украіны прынялі рашэнне аб пачатку антытэрарыстычнай аперацыі ва ўсходніх рэгіёнах краіны. На Данбас перакінулі вайскоўцаў і тэхніку.
15 красавіка ў выніку аперацыі ўкраінскіх сілавікоў быў вызвалены захоплены расейскімі дыверсантамі і сепаратыстамі горад Краматорск на поўначы Данецкай вобласці.