Шахцёры Данбаса патлумачылі сепаратыстам, куды ім ісці
- 15.04.2014, 16:45
З боку сепаратыстаў вядуцца інтэнсіўныя спробы захопу вуглездабыўных прадпрыемстваў.
Пра гэта паведаміў лідар Незалежнага прафсаюза гарнякоў Данбаса Мікалай Валынко.
У прыватнасці, паводле яго слоў, у ГП «Селідавугаль», на шахтах «Новаградоўская» і ім. Стаханава пабывалі групы людзей, якія прадставіліся членамі так званай Данецкай народнай рэспублікі. Ад кіраўніцтва прадпрыемстваў яны запатрабавалі падпарадкавання сабе і спынення работ па здабычы вугалю. Пагражалі, што калі не будуць выкананыя іх патрабаванні, то да тых, хто адмовіліся, будуць «прынятыя меры іншага характару», пішуць novosti.dn.ua.
«Усюды гэтым «членам» па-гарняцку патлумачылі, куды менавіта яны ісці. Шахты працуюць у звычайным рэжыме, - заявіў прафлідар. - Для далейшай бяспекі прадпрыемстваў галіны ад якіх-небудзь спробаў уварвання звонку мы зараз ініцыюем стварэнне на кожным з іх мабільных ахоўных груп з асяроддзя саміх шахцёраў, праводзім пазменныя сходы, растлумачваючы людзям, чым небяспечнае для іх спыненне прадпрыемстваў і што пагражае Данбасу ў выпадку яго федэралізацыі або далучэння да Расеі, дзе ўсё шахты ўжо даўным-даўно ліквідаваныя з-за іх нерэнтабельнасці».
Валынко сцвярджае, што гарнякі гэта выдатна разумеюць.
«Пакуль адбыўся толькі адзін нязначны бунт на макееўскай шахце «Ясінаўская-глыбокая». Там нейкі правакатар у сем гадзін раніцы паведаміў на пазменных нарадах, што ў суседнім пасёлку Ніжняя Крынка нібыта заезджы «Правы сектар» праводзіць свой мітынг. Самыя гарачыя галовы рынуліся туды, але пераканаўшыся ў падмане, вярнуліся на працу», - паведаміў кіраўнік НПГУ.
Нагадаем, 12 красавіка расейскія дыверсанты захапілі райаддзел міліцыі ў Славянску. 13 красавіка МУС праводзіла ў горадзе антытэрарыстычную аперацыю, у выніку якой 9 чалавек былі параненыя, а адзін украінскі афіцэр забіты акупантамі.
Пасля гэтага Савет нацыянальнай бяспекі і абароны прыняў рашэнне пачаць шырокамаштабную антытэрарыстычную аперацыю з прыцягненнем Узброеных Сіл Украіны.
На дадзены момант сепаратысты і расейскія дыверсанты кантралююць адміністрацыйныя будынкі ў некалькіх гарадах на ўсходзе Украіны - ад Славянска да Марыупаля.