BE RU EN

Даля Грыбаўскайтэ пазбавіла Міткову дзяржузнагароды Літвы

  • 15.04.2014, 11:16

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ выкрасліла расейскую журналістку Таццяну Міткову са спісу асоб, узнагароджаных медалём памяці 13 студзеня.

Адпаведны дэкрэт прэзідэнт падпісала ў панядзелак, піша ru.delfi.lt.

Як паведамлялася, галоўны рэдактар Службы інфармацыі тэлеканала НТВ Міткова заявіла пра адмову ад дзяржаўнай узнагароды Літвы ў знак салідарнасці з гендырэктарам МІА "Расея сёння" Дзмітрыем Кісялёвым, якога ўлады Літвы пазбавілі гэтай узнагароды.

Як паведаміла Таццяна Міткова ў прамым эфіры выпуску навінаў тэлеканала НТВ, прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ пазбавіла Кісялёва дзяржаўнай узнагароды - медаля памяці 13 студеня 1991 года - у сувязі з яго пазіцыяй па Украіне. "Я афіцыйна заяўляю пра адмову ад гэтай узнагароды і прашу выкрасліць мяне са спісаў узнагароджаных", - заявіла Міткова.

Медалём Кісялёва і Міткову ў 1994 годзе ўзнагародзіў тагачасны прэзідэнт Літвы Альгірдас Бразаўскас за асвятленне студзеньскіх падзей у Вільні ў 1991 годзе.

Медаль памяці 13 студзеня - дзяржаўная ўзнагарода Літвы, якая ўручаецца грамадзянам Літвы і замежных дзяржаў, якія вызначыліся пры абароне свабоды і незалежнасці Літвы ў студзені-верасні 1991 года.

Па законе прэзідэнт мае права выкрасліць узнагароджанную асобу са спісу ўзнагароджаных, калі яе дзейнасць дыскрэдытуе званне ўзнагароджанага.

Апошнія навіны