Тарута: Мы не дазволім тэрарыстам панаваць на нашай зямлі
- 14.04.2014, 10:15
Кіраўнік Данецкай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Сяргей Тарута заклікаў жыхароў вобласці не паддавацца на правакацыі.
У сваёй заяве, распаўсюджанай у панядзелак, Тарута паведаміў, што ў вобласці ўводзіцца ў дзеянне рэжым антытэрарыстычнай аперацыі, інфармуе «Інтэрфакс-Украіна».
«Рашэнне аб дзеянні рэжыму антытэрарыстычнай аперацыі накіравана на абарону міру і парадку на нашай зямлі, якія сёння ў нас цынічна і абыякава адбіраюць узброеныя, агрэсіўныя, фанатычныя людзі. Гэтыя людзі гатовыя адбіраць чужыя жыцці дзеля дасягнення сваіх мэтаў. Для іх чалавечае жыццё не каштоўнасць, а сродак. Яны з'яўляюцца тэрарыстамі, і мы не дазволім ім панаваць на нашай зямлі», - гаворыцца ў заяве.
Кіраўнік вобласці выказаў глыбокія спачуванні сем'ям тых, хто ўчора загінуў у Славянску.
Тарута зноў падкрэсліў, што нельга дапусціць эскалацыі гвалту. На яго думку, гвалтам немагчыма вырашыць ніякую праблему і ўсе нязгоды неабходна пераадольваць у мірным адкрытым дыялогу.
«Таму я заклікаю вас праяўляць разважлівасць, не паддавацца на правакацыі і не парушаць грамадскі парадак. Надыходзіць Велікодны тыдзень. Гэта час малітвы, пакоры і цуду. Час чуць і дараваць адзін аднаму», - падсумаваў губернатар.
12 красавіка расейскія баевікі і тэрарысты захапілі ў Славянску Данецкай вобласці адміністрацыйныя будынкі, у нядзелю яны працягнулі свае дзеянні ў некалькіх іншых гарадах вобласці. З 6 красавіка ў руках сепаратыстаў застаюцца абласное ўпраўленне СБУ ў Луганску і аблдзяржадміністрацыя ў Данецку.
Учора Савет нацыянальнай бяспекі і абароны прыняў рашэнне аб пачатку маштабнай антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе краіны. Пра гэта заявіў у сваім звароце спікер Вярхоўнай Рады, в.а. прэзідэнта Украіны Аляксандр Турчынаў. Ён адзначыў, што Савет нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны прыняў рашэнне прыцягнуць да правядзення антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе краіны ваеннаслужачых Узброеных сіл.