BE RU EN

МУС Украіны стварае спецвойскі добраахвотнікаў для абароны краіны

  • 13.04.2014, 21:27

Кіраўнік МУС Украіны прыняў пастанову аб шэрагу структурных змяненняў у міністэрстве, якія адказваюць сённяшнім выклікам часу.

Пра гэта Арсен Авакаў напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».

«Ва ўмовах інспіраваных звонку сепаратысцкіх тэрарыстычных нападаў, стварэння бандыцкіх фармаванняў, якія фінансуюцца з-за межаў краіны, пагрозы ўнутранага парадку і законнасці - мною прынятая пастанова аб стварэнні корпуса спецпадраздзяленняў МУС на аснове грамадзянскіх фармаванняў на ўсёй тэрыторыі краіны», - напісаў ён.

«Данецк атрымае сваё спецпадраздзяленне, створанае з патрыётаў краіны і Данбаса. Луганск - сваё з луганцаў. У Днепрапятроўску будзе створанае спецпадраздзяленне Дняпро. Нікалаеў, Адэса, Херсон, Харкаў - практычна кожны рэгіён атрымае магчымасць мець такое стабілізацыйнае спецпадраздзяленне. Спачатку ўсход і поўдзень, затым цэнтр і захад краіны», - распавёў кіраўнік МУС.

Таксама Авакаў дадаў, што МУС гатовае прыцягнуць больш 12 000 чалавек ва ўсёй краіне ў склад новых спецпадраздзяленняў. А таксама даць узбраенне, экіпіроўку, кіраўніцтва кадравымі афіцэрамі.

«Першы загад аб стварэнні спецпадраздзялення «Усход» у Луганскай вобласці мною ўжо падпісаны. Стварэнне спецпадраздзяленняў будзе адбывацца ў самы кароткі тэрмін, без затрымак і фармальнасцяў - адпаведна выклікам часу, - заявіў ён. - Бліжэйшымі днямі на сайце МУС будуць змешчаныя кантактныя тэлефоны і адрасы рэгіянальных вербавальных пунктаў ствараных спецпадраздзяленняў. Новая структура спецыяльных падраздзяленняў МУС - адказ дыверсантам, «зялёным чалавечкам» і іншым бандфармаванням, якія маюць задачу атакаваць дзяржаўнасць і цэласнасць Украіны».

Нагадаем, пачынаючы з 6 красавіка на ўсходзе Украіны праходзяць сепаратысцкія правакацыі. У прыватнасці, прарасейскія актывісты захапілі абласныя адміністрацыі ў Данецку і Харкаве. У Луганску штурмам узялі СБУ і захапілі філіял Нацбанка. Таксама былі захопленыя шэраг будынкаў СБУ і ў Данецку. Учора і сёння з'явіліся паведамленні аб захопе расейскімі дыверсантамі адміністрацыйных будынкаў у гарадах Данецкай вобласці.

Апошнія навіны