BE RU EN

Статкевіч хоча праверыць веданне беларускай мовы Лукашэнкам

  • 12.04.2014, 16:48

Мікалай Статкевіч прапануе меры для забеспячэння сапраўднай роўнасці беларускай і расейскай моваў у Беларусі.

Марына Адамовіч, жонка палітвязня, атрымала ад яго адразу некалькі лістоў пасля працяглай паўзы ў перапісцы. З яе слоў, пад уплывам падзей ва Украіне Мікалай Статкевіч выказаў свае прапановы ў забеспячэнні сапраўднай роўнасці беларускай і расейскай моваў, паведамляе «Радыё Свабода».

«Такая роўнасць дэклараваная Канстытуцыяй, але не выконваецца. І вось Мікалай піша: «У сусветнай практыцы гэта азначае, што грамадзянін мае права мець стасункі з дзяржаўнымі органамі на любой з дзяржаўных моў. Але для гэтага чыноўнікі павінны ведаць беларускую мову і прайсці адпаведны тэст. Напрыклад, гэта можа быць пераклад расейскага тэксту на беларускую мову ці наадварот. Ужо неўзабаве здачу такога тэсту можна было б зрабіць умовай рэгістрацыі кандыдата ў прэзідэнты і кандыдатаў у дэпутаты парламента», - распавяла Марына Адамовіч.

Узмацненне пазіцый беларускай мовы, як мяркуе Мікалай Статкевіч, неабходна, каб у Беларусі не паўтарыўся сцэнар з «зялёнымі чалавечкамі», які спланавала Расея ва ўкраінскім Крыме.

«Пра сябе Мікола Статкевіч напісаў, што сядзіць па-ранейшаму ў адзіночцы і ўжо да гэтага прызвычаіўся», - паведаміла Марына Адамовіч.

Былы дэпутат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч асуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Палітык сваёй віны не прызнаў. Утрымліваюць Статкевіча ў крытай турме ў Магілёве.

Апошнія навіны