У Сімферопалі захапілі галоўны ваенкамат Крыму
- 8.03.2014, 16:49
Блізу сотні ўзброеных людзей захапілі будынак рэспубліканскага ваенкамату Крыму ў Сімферопалі.
Пра гэта паведамляе карэспандэнтка Расейскай службы Бі-бі-сі. Яны называюць сябе атрадамі самаабароны Крыму.
Карэспандэнтка бачыла, як на тэрыторыю ваенкамата заехалі два грузавікі з расейскімі нумарамі. У ваенкамат прыехала міліцыя, вядуцца перамовы.
Паводле звестак начальніка крымскага прэс-цэнтра Міністэрства абароны Уладзіслава Селязнёва, у ваенкамат зайшлі блізу сотні ўзброеных аўтаматамі людзей, якія называюць сябе атрадамі самаабароны Крыму.
Ля варот ваенкамата пазней з'явіліся сілавікі з аўтаматамі.
«Экіпіраваныя бронекамізэлькамі, радыёстанцыямі. Узначальвае каманду генерал у адстаўцы Кузняцоў, выдае сябе за дарадцу крымскага ўраду. Расставілі аўтаматчыкаў па паверхах», - напісаў Селязнёў на сваёй старонцы.
Паводле ягоных звестак, усіх афіцэраў ваенкамата, якія знаходзіліся там у гэтыя дні без зброі, вывелі за межы часткі. «Паводле інфармацыі крыніц, у будынку РВК (рэспубліканскага ваенкамата) разгортваецца штаб сіл самаабароны Крыму», - паведаміў Уладзіслаў Селязнёў.
Невядомыя абстралялі аўтамабіль кіеўскіх актывістаў, якія прыбылі ў Рэспубліканскі ваенкамат, захоплены раней узброенымі расейскімі вайскоўцамі.
На відэа відаць і чуваць, як пасажыры ў аўтамабілі бягуць з месца здарэння, кажучы кіроўцу ехаць хутчэй. У гэты ж час чуваць стрэлы.
Прадстаўнік рэгіянальнага медыяцэнтра міністэрства абароны Украіны сказаў Расейскай службе Бі-бі-сі, што не ведае, чаму ў якасці аб'екта захопу быў абраны ваенкамат, але выказаў меркаванне, што сілавікоў могуць цікавіць спісы ваеннаабавязаных.
З ягоных слоў, у ваенкамаце маецца база дадзеных грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі Крыму і якія падлягаюць мабілізацыі ў выпадку вайны. «Але поўныя дадзеныя на ўсіх ваеннаабавязаных знаходзяцца ў раённых ваенкаматах», - удакладніў ён.
Ад адказу на пытанне карэспандэнта Бі-бі-сі Іллі Абішава, ці ёсць у ваенкамаце шыфравальная тэхніка і апаратура спецсувязі, прадстаўнік мінабароны ўхіліўся.
Са слоў нашага карэспандэнта, за стырном аўто з расейскімі вайсковымі нумарамі знаходзіліся людзі ў цывільным адзенні.
Таксама ў Сімферопалі падвергнуўся налёту 40-ы вайсковы гарадок. Амаль 50 чалавек з сіл самаабароны Крыму зламалі агароджу і прарваліся на тэрыторыю вайсковай часткі.
Як паведаміў прадстаўнік Мінабароны Украіны Уладзіслаў Селязнёў, гэтыя людзі запатрабавалі прадставіць для агляду тэрыторыю часткі на прадмет наяўнасці зброі і пачалі апісваць маёмасць - нібыта з мэтай недапушчэння яе вывазу і знішчэння.
Тым часам Дзяржаўная памежная служба Украіны заявіла, што Расея працягвае перавозіць у Крым вайскоўцаў і тэхніку.
Паводле звестак памежнай службы, расейскія войскі працягваюць блакаваць паромную пераправу «Крым».