BE RU EN

Мацвіенка паабяцала Крыму статус суб'екта РФ

  • 7.03.2014, 17:21

Пра гэта яна заявіла пасля сустрэчы з крымскай дэлегацыяй.

Крым увойдзе ў склад РФ як раўнапраўны суб'ект федэрацыі, калі рашэнне аб яго далучэнні будзе прынята ў ходзе рэферэндуму і калі Расея пагодзіцца яго прыняць. Пра гэта ў пятніцу, 7 сакавіка, заявіла спікер Савета Федэрацыі Валянціна Мацвіенка пасля сустрэчы з крымскай дэлегацыяй, піша «Корреспондент».

«Калі такое рашэнне (аб уваходжанні ў склад РФ) на рэферэндуме ў Крыме будзе прынята, то гэта рэспубліка стане абсалютна раўнапраўным суб'ектам РФ, з усімі правамі, паўнамоцтвамі. Суб'екты РФ, у адрозненне ад рэгіёнаў Украіны, маюць дастаткова высокую ступень самастойнасці, дакладнае размежаванне паўнамоцтваў паміж федэральным цэнтрам і рэгіёнамі», - заявіла яна.

Мацвіенка дадала, што ўсе грамадзяне Крыма будуць мець роўныя правы з астатнімі грамадзянамі Расеі, будуць мець такія ж зарплаты і пенсіі, з сацыяльнымі дапамогамі і сацыяльнай абаронай.

«Такім чынам, Крым стане нашым раўнапраўным суб'ектам РФ», - падкрэсліла спікер Савета Федэрацыі.

Раней Мацвіенка заявіла, што Савет Федэрацыі гатовы падтрымаць рашэнне жыхароў Крыма ўвайсці ў склад Расеі.

Парламент Крыма 6 сакавіка прыняў рашэнне аб уступленні ў склад Расейскай Федэрацыі. Пры гэтым дэпутаты прызначылі рэферэндум аб статусе паўвострава на 16 сакавіка.

Апошнія навіны