Арганізатары падалі заяўку на Дзень Волі
- 7.03.2014, 12:10
7 сакавіка ў Менскі гарвыканкам пададзеная заяўка на правядзенне шэсця і мітынгу 25 сакавіка з нагоды Дня Волі.
Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Арганізатары акцыі просяць дазволіць сход удзельнікаў на пляцоўцы каля Акадэміі навук у 18 гадзін, затым - шэсце па праспекце Незалежнасці, а таксама мітынг на плошчы Незалежнасці з 19.30 да 20.00.
Подпісы пад заявай паставілі прадстаўнікі Партыі БНФ, руху «За Свабоду», аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб'яднання «Маладыя хрысціянскія дэмакраты», Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) і Рады беларускай інтэлігенцыі.
Плануецца, што акцыя будзе праведзеная пад знакам салідарнасці з Украінай, а таксама асуджэння крамлёўскай агрэсіі ў гэтай краіне. Мяркуецца, што яна пачнецца выкананнем гімна БНФ «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», тэкст якога аргкамітэт прапануе вывучыць загадзя.
У гэтым годзе спаўняецца 96 гадоў з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Афіцыйна гэтая дата ў Беларусі не адзначаецца, але прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці штогод святкуюць яе як Дзень Волі.
Незалежнасць БНР была абвешчаная ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года ў Менску. Упершыню ідэя стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі прагучала на Усебеларускім з'ездзе 1917 года.