BE RU EN

Менск хочуць ачысціць ад бяздомных, але ці будзе ЧС?

  • 7.03.2014, 11:05

Чуткі пра тое, што Менск хочуць зачысціць ад бамжоў і п'яніц перад чэмпіянатам свету па хакеі, ходзяць у народзе ўжо даўно.

У 1980 годзе перад Алімпіядай падобную аперацыю правялі ў Маскве. Тады нядобранадзейных грамадзян вывезлі за 101-ы кіламетр, пішуць «Белорусские новости».

Пра высылку бяздомных за межы Менска кажуць актывісты «Ежа замест бомбаў». Амаль дзесяць гадоў маладыя людзі кожныя выходныя кормяць сталічных бяздомных гарачай ежай. У апошні час да зачасціла сталічная міліцыя. Яна раіць валанцёрам «раздаваць ежу ў дварах, каб не псаваць аблічча горада».

«Бяздомныя нам даўно казалі, што да чэмпіянату іх хочуць прыбраць з Менска. Там для іх нават нейкую халабуду за горадам пабудавалі. Міні-ГУЛАГ», - кажа адзін з актывістаў ініцыятывы «Ежа замест бомбаў».

Акрамя таго, па словах бяздомных, міліцыя па некалькі разоў за год ловіць іх за распіццё спіртных напояў у грамадскім месцы, саджае тройчы на суткі, а потым адпраўляе на год у лячэбна-працоўны прафілакторый.

Дарэчы, нядаўна група вернікаў хацела зладзіць для сталічных бяздомных Велікодны абед. Аднак у міліцыі ім патлумачылі, што ў гэтым няма сэнсу - да траўня ў горадзе іх ужо не застанецца. Маўляў, усіх бяздомных вывезуць у Светлагорск. Там знаходзіцца ЛПП №1.

«Я такой інфармацыі даць не магу. Мне нічога не вядома», - кажа супрацоўнік светлагорскага ЛПП Ігар Гвоздзь.

Не пацвярджае гэтую інфармацыю і мясцовая міліцыя.

«У нас такой афіцыйнай інфармацыі няма. Гэта абсалютны абсурд. Нічога такога тут не плануецца. Па-першае, начлежак для бамжоў у нас няма, сацыяльных прытулкаў таксама. Па-другое, чаму менавіта Светлагорск выбралі - за 300 км ад Менска?! Цікава, хто запусціў такую інфармацыю?» - кажа начальнік штаба Светлагорскага РАУС Канстанцін Кухарэнка.

Што тычыцца адпраўкі бяздомных у светлагорскі ЛПП, то ў мясцовым РАУС такую магчымасць выключаюць.

«ЛПП - гэта спецустанова. Туды накіроўваюць толькі хранічных алкаголікаў і толькі па рашэнні суда. А бамжы - гэта, як гаворыцца, наша сацыяльнае зло. Для іх звычайна павінны арганізоўваць прытулкі, начлежкі, дзе іх кормяць, а гуртам звазіць - гэта не адпавядае рэальнасці», - лічыць Канстанцін Кухарэнка.

Усяго ў Беларусі налічваецца шэсць ЛПП. Яны знаходзяцца ў падпарадкаванні Дэпартамента выканання пакаранняў МУС. Аднак там таксама не маюць інфармацыі аб накіраванні бяздомных перад ЧС-2014 у гэтыя спэцустановы.

«Ніякімі зачыстакамі, як вы кажаце, міліцыя займацца не будзе. І не займалася ніколі. А грамадскі парадак будзе забяспечаны. І нікому не будзе дазволена знаходзіцца ў п'яным выглядзе, сядзець распіваць спіртныя напоі. А тое, што вы сказалі, за тры прывада іх у ЛПП... Ну, дык гэта па законе так атрымліваецца. І не толькі іх. У нас шмат грамадзян ёсць такіх, якія падпадаюць пад такія катэгорыі. У тым ліку і дэбашыры, і п'яніцы... А акцэнтаваць увагу на тым, бяздомныя яны ці не, гэта не зусім карэктна», - кажа начальнік упраўлення інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю МУС Беларусі Канстанцін Шалькевіч.

Паводле дадзеных апошняга перапісу, у Беларусі не маюць дома 587 чалавек. Хоць у сакавіку 2013 года міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна агучыла зусім іншыя лічбы. Паводле яе інфармацыі, у Беларусі налічваецца каля 4 тысяч бяздомных. Эксперты ж кажуць прыкладна пра 10 тысяч.

У той жа час, у цяперашняй сітуацыі, калі Украіна стаіць на парозе вайны, а ў Крым уведзеныя расейскія войскі, еўрапейскія палітыкі прапануюць яшчэ раз разгледзець пытанне адмены ЧС па хакеі ў Менску.

Так, у сваёй нядаўняй заяве дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы, член фракцыі кансерватараў і рэфарматараў Марэк Мігальскі рашуча патрабаваў адмяніць міжнародныя спаборніцтвы ў Беларусі:

«Сёння, калі Украіна стаіць на парозе вайны, а Уладзімір Пуцін пасылае войскі ў Крым, неабходна яшчэ раз разгледзець пытанне адмены Чэмпіянату свету па хакеі, які павінен прайсці ў траўні гэтага года ў Менску.

Аляксандр Лукашэнка, які лічыцца апошнім дыктатарам Еўропы, ужо пацвердзіў, што будзе ў цесным кантакце з Уладзімірам Пуціным у справе крызісу ва Украіне. Адмена чэмпіянату будзе знакам салідарнасці з народамі Беларусі і Украіны, а таксама ясным сігналам для Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі, якія гатовыя зрабіць усё для ўтрымання сваіх рэжымаў і маюць намер знішчыць свабоду ў суседняй Украіне».

Фота Вячаслава Цуранава

Апошнія навіны