Жыхары Адэсы: Украіна і Расея - браты, Пуцін і Януковіч - таксама
- 5.03.2014, 19:32
У Адэсе праходзіць мітынг за адзінства Украіны.
Ля будынка абласной рады на праспекце Шаўчэнкі, 4, у якім таксама размешчана аблдзяржадміністрацыя, сабралася больш за 500 чалавек. Яны трымаюць дзяржаўныя сцягі Украіны, на вопратцы - жоўта-блакітныя стужкі, у руках - плакаты: «Украіна і Расея - браты, Януковіч і Пуцін - таксама», «Не ваеннай агрэсіі», «Я - за Украіну» і г.д. Шмат людзей загорнуты ў жоўта-блакітныя сцягі, піша УНІАН.
Перад мікрафонам выступаюць усе жадаючыя.
Так, галоўны рэдактар гумарыстычнага часопіса «Фантан» Валер Хаіт (былы капітан каманды КВЗ «Адэскія камінары», мастацкі кіраўнік гумарыстычнай тэлепраграмы «Джэнтльмен-шоў») заявіў, што мае намер увесці ў названым выданні рубрыку «Гумар і рэвалюцыя».
Адэсітка, якая выступіла ад імя інтэлігенцыі горада, на ўкраінскай і расейскай мовах заклікала гараджан да яднання. Яна сказала, што выкладае ў адной са школ. Настаўніца казала аб неабходнасці надаваць адукацыі дзяцей больш увагі, увесці дысцыпліны, якія развіваюць кругагляд і патрыятызм.
Перыядычна мітынгоўцы скандуюць: «Адна адзіная саборная Украіна!», «Украіна!», «Слава Украіне!».
Да мітынгоўцаў прыбыў Юрый Луцэнка, які зараз выступае перад людзьмі.
Фота: dumskaya.net