BE RU EN

ЕЗ гатовы вылучыць Украіне 11 мільярдаў еўра

  • 5.03.2014, 15:03

Гэтыя сродкі будуць вылучаныя як з бюджэту ЕЗ, так і еўрапейскіх фінансавых інстытуцый.

Прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу заявіў пра гатоўнасць Брусэля вылучыць Украіне пакет фінансавай дапамогі ў памеры 11 мільярдаў еўра на бліжэйшыя гады, паведаміла інфармагенцтва «Інтэрфакс-Украіна» ў сераду, 5 сакавіка.

«Сёння мы вызначылі дапамогу Украіне. Гэта - пакет, у суме 11 мільярдаў еўра на бліжэйшыя гады», - сказаў ён на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння ЕК, якое прайшло ў Брусэлі.

Паводле слоў Барозу, гэтыя сродкі будуць вылучаныя як з бюджэту Еўрапейскага Звяза, так і еўрапейскіх фінансавых інстытуцый.

Раней паведамлялася, што ЗША маюць намер аказаць фінансавую дапамогу Украіне ў памеры 1 мільярд даляраў. Акрамя таго, ЗША дапамогуць Украіне ў выяўленні выведзеных з краіны карупцыйным шляхам актываў, заявіў кіраўнік Дзярждэпартамента ЗША Джон Кэры.

Апошнія навіны