У Севастопалі расейскія вайскоўцы разбурылі апаратуру ЗРК Украіны
- 5.03.2014, 13:09
Расейскія войскі разбурылі аб'екты ў зенітна-ракетным палку на Фіяленце ў Севастопалі.
Мінулай ноччу расейскія войскі разбурылі аб'екты ў зенітна-ракетным палку на Фіяленце ў Севастопалі. Пра гэта ў акаўнце ў «Фэйсбуку» паведаміў начальнік крымскага медыя-цэнтра Міністэрства абароны Уладзіслаў Селязнёў, піша liga.net.
«Яшчэ адна ноч мінула. Ноч супрацьстаяння: сілавога, інфармацыйнага, душэўнага. Рускія войскі разбурылі аб'екты ў зенітна-ракетным палку на Фіяленце ў Севастопалі. Частка заблакаваная, разбітая апаратура кіравання, стартавыя пазіцыі ракет пад кантролем расейскіх войскаў», - напісаў ён.
«Што рабілася ў Еўпаторыі вы бачылі ў стужках. Акрамя нас, вайскоўцаў, цітушкі і, за іх спінамі, трыкалорныя зялёныя чалавечкі блакуюць і прадстаўнікоў СМІ. Ох як не любяць яны, калі паказваюць іх сапраўдную сутнасць і ўчынкі», - адзначае Уладзіслаў Селязнёў.
«З нагоды праўдзівасці інфармацыі. Нескладана заўважыць, што прапагандысцкая машына РФ дае збоі і тое, што яны называюць хлуснёй, аказваецца праўдай», - дадаў Селязнёў.
Нагадаем, у Крыме за мінулую ноч некалькі ўкраінскіх частак падвергліся нападу. 1 сакавіка Савет Федэрацыі РФ ухваліў увод войска Расеі ва Украіну. Раней за адпаведнай санкцыяй да Савета Федэрацыі звярнуўся расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін, матывуючы гэта «экстраардынарнай сітуацыяй» ва Украіне.
Фота: Reuters