BE RU EN

Катастрафічны абвал расейскіх індэксаў на фоне вайны з Украінай

  • 3.03.2014, 16:07

Рынак акцый Расеі сёння абваліўся на 12%.

Пра гэта сведчаць вынікі таргоў на Маскоўскай біржы.

Па стане на 15:51 па менскім часе індэкс ММВБ абваліўся на 10,83%, а індэкс РТС - на 12,3%. Гэта адбылося на фоне абвастрэння сітуацыі ва Украіне.

Калі рынак знізіцца яшчэ на 5% (падзенне складзе 15% з адкрыцця па індэксе ММВБ), то таргі будуць прыпыненыя на гадзіну, калі на 25% - гэта да канца дня. Пакуль біржа прыпыніла таргі некаторымі акцыямі з-за абвалу коштаў на іх, паведамляюць «Ведомости».

Расейскія фондавыя індэксы ў панядзелак адыгрываюць пагаршэнне геапалітычных рызык з прычыны канфлікту паміж Украінай і Расеяй, які на дадзены момант аказвае ціск на ўсе сусветныя пляцоўкі. На расейскім валютным рынку таксама назіраецца моцнае паслабленне рубля, які ўпаў ніжэй за 50 рублёў у адносінах да еўра і да 36,5 рубля ў адносінах да даляра, піша «Прайм».

Forbes са спасылкай на «Ашчадбанк КІБ» піша, што рэзкі рост напружанасці паміж Расіяй і Захадам не быў улічаны ў бягучых катыроўках. «Ва ўласнасці замежных інвестараў знаходзіцца 70% акцый расейскіх кампаній, якія знаходзяцца ў вольным звароце, а таксама 70% расійскіх еўрааблігацый. З моманту фармавання расейскага рынка акцый яго дынаміка вызначалася ўздзеяннем двух ключавых фактараў - коштаў на нафту і заходняга ўспрымання расейскіх рызык. Усё роўна, правільна гэта ці не, але дзяржсакратар ЗША Джон Кэры ўжо публічна падняў пытанне аб магчымым увядзенні санкцый у дачыненні да Расеі, і каментатары аналізуюць верагоднасць новай «халоднай вайны», - гаворыцца ў аглядзе. Аналітыкі заўважаюць, што да мінулых выходных многія інвестары аддавалі перавагу ігнараваць украінскія падзеі, разглядаючы тое, што адбываецца, як фактар, які не ўплывае на рынак.

Апошнія навіны