BE RU EN

S&P: Расейскі рубель абясцэніцца на 10%

  • 28.03.2014, 20:22

Эскалацыя, выкліканая нядаўнімі падзеямі ва Украіне, прычынілася да паскарэння адтоку капіталу з Расеі.

Няпэўнасць вакол урэгулявання крызісу ў стасунках Масквы і Кіева можа ўзмацніцца ў 2014 годзе, што неўнікнёна прычыніцца да чарговага шоку для эканомікі і фінансавай сістэмы Расеі: рубель абясцэніцца на 10% (прыкладна да 39-40 руб/дал), фондавы рынак захлынуць распродажы, адток капіталу ўзмоцніцца, а рост БУП складзе не больш за 0,6%.

Гэта адзін з імаверных сцэнараў, гаворыцца ў дакладзе рэйтынгавага агенцтва Standard&Poor's (S&P) «Расея-Украіна: разгортванне крызісу», паведамляе РБК у пятніцу, 28 сакавіка.

«Эскалацыя геапалітычнай напружанасці, выкліканая нядаўнімі падзеямі ва Украіне, ужо скаланула рынкі і прычынілася да паскарэння адтоку капіталу з Расеі», - адзначаюць экспэрты S&P.

Афіцыйны курс даляра, які ўстанаўляецца Банкам Расеі, вырас з 32,6587 руб/дал на 1 студзеня 2014 года да 35,6871 на 29 сакавіка 2014 года, або на 9,3%. Пры гэтым адток капіталу з Расеі, паводле звестак Мінэканамразвіцця, за I квартал 2014 года склаў больш за 60 мільярдаў даляраў, хоць раней у снежні міністэрства прагназавала адток за ўвесь 2014 на ўзроўні 25 мільярдаў даляраў. Прагноз росту БУП Мінэканамразвіцця знізіла да 0,6% пры сярэднім сцэнары.

Апошнія навіны