BE RU EN

Індыя ўрэзала субсідыі на калій

  • 28.03.2014, 16:49

Індыя скараціла субсідыі фермерам на закупкі калійных угнаенняў амаль на 20 адсоткаў да 9.400 рупій ($160) за тону.

Рашэнне заклікана стрымаць павелічэнне бюджэтнага дэфіцыту, сказалі Reuters крыніцы ва ўрадзе і галіне.

Кіруючы дырэктар найбуйнейшага індыйскага імпарцёра Potash Limited мяркуе, што ў бліжэйшы час услед за рашэннем урада аб субсідыях можна чакаць заключэння здзелак на бягучы і 2015 гады. Індыя, як чакаецца, купіць 3,5 мільёна тон хлорыстага калію на працягу наступнага фінансавага года, піша АФН.

Зніжэнне субсідыі прывядзе да захавання рознічных коштаў калійных угнаенняў у Індыі на высокім узроўні, нягледзячы на падзенне сусветных коштаў, пазбаўляючы рынак надзеі на аднаўленне попыту аднаго з найбуйнейшых сусветных імпарцёраў угнаенняў.

Сусветныя горназдабыўныя кампаніі чакалі павелічэння попыту, спадзеючыся кампенсаваць зніжэнне коштаў, выкліканага леташнім крахам расейска-беларускага гандлёвага картэля.

"Урад у чацвер ухваліў скарачэнне субсідый да 9.400 рупій (за тону)", - сказаў урадавы чыноўнік, які пажадаў застацца неназваным.

Індыя, на долю якой апошнія пяць гадоў прыходзілася каля 10 адсоткаў сусветнага попыту, не мае ўласнай вытворчасці калійных угнаенняў і ўвесь неабходны краіне аб'ём вымушана імпартаваць.

Скарачэнне субсідый і падзенне курсу рупіі апошні час пагражаюць найбуйнейшаму сусветнаму спажыўцу Індыі стратай гэтага статусу.

Апошнія навіны