BE RU EN

АБСЕ падтрымала абмежаванне расейскага ТВ ва Украіне

  • 27.03.2014, 20:05

У АБСЕ кажуць, што абмежаванні прымальныя, «калі яны пераследуюць законную мэту і адэкватныя паводле сваіх маштабаў».

Прадстаўнік у пытаннях свабоды СМІ Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе Дунья Міятавіч, каментуючы сітуацыю з адключэннем расейскіх тэлеканалаў ва Украіне, назвала абгрунтаванай падобную практыку, калі яна служыць «абароне фундаментальных каштоўнасцяў».

«Калі такія абмежаванні будуць прынятыя законнымі інстытутамі, такімі як заканадаўчы орган, у адпаведнасці з прынцыпам вяршэнства права, і калі абмежаванні пераследуюць законную мэту і адэкватныя ў сваіх маштабах, то яны могуць быць прызнаныя прымальнымі», - мяркуе Міятавіч.

Пры гэтым Міятавіч спаслалася на нормы Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, якія, дэкларуючы права чалавека на выказванне свайго меркавання і свабодны доступ да інфармацыі, падкрэсліваюць, што «гэтыя правы звязаныя з асаблівай адказнасцю». «Гэта, такім чынам, можа быць спалучана і з абмежаваннямі», - робіць выснову прадстаўнік АБСЕ у справах свабодыСМІ. Падобныя меры павінны, з яе слоў, разглядацца «незалежным судом», а пастанова нацыянальнай судовай інстанцыі можа быць абскарджана ў Еўрапейскім судзе правоў чалавека.

Нагадаем, 25 сакавіка Кіеўскі адміністрацыйны суд прыняў пастанову прыпыніць трансляцыю расейскіх тэлеканалаў на тэрыторыі Украіны на час разгляду пазовы Нацыянальнай рады ў пытаннях тэлевізіі і радыёвяшчання. Нацрада ў пытаннях тэлевізіі рэкамендавала правайдэрам «часова ўстрымацца» ад рэтрансляцыі ў сваіх сетках перадач тэлеканалаў Расія 1, Расія 24, ОРТ, РТР Планета і НТВ-Мір.

Расейскія каналы ў сваіх сюжэтах пра сітуацыю ва Украіне ў апошнія месяцы, як правіла, падаюць непраўдзівую і скажоную інфармацыю.

Апошнія навіны