BE RU EN

Памёр 25-гадовы лідар гурта «Napoli» Ілля Краўчук

  • 26.03.2014, 13:44

26 сакавіка на 25 годзе жыцця памёр лідар беларускага гурта «Napoli» Ілля Краўчук.

Пра гэта гаворыцца на афіцыйнай старонцы гурта «Napoli». Прадзюсер спевака Аляксандр Слуцкі распавёў «Салідарнасці», што адбылося гэта ў выніку няшчаснага выпадку ў ноч з суботы на нядзелю. Ілля няўдала ўпаў на спіну і стукнуўся галавой. З цяжкай траўмай яго даставілі ў бальніцу, дзе ён памёр.

Па словах Аляксандра, развітанне і пахаванне Іллі Краўчука пройдуць 27 сакавіка, у сераду, у Дзяржынску. Пачатак пахавання ў 13.00.

Па неафіцыйнай інфармацыі, Ілля атрымаў смяротную траўму ў выніку сутычкі ў адным з бараў горада.

На сцяне афіцыйнай старонкі групы «Вконтакте» напісана:

«Немагчыма да канца паверыць, што цябе больш з намі няма. Увесь гэты час ты быў нашым натхняльнікам, бясконца таленавітым аўтарам і выдатным сябрам. Ты назаўсёды застанешся ў нашых сэрцах як добры і шчыры чалавек. Ты будзеш жыць у нашай памяці і ў памяці ўсіх людзей, якія цябе любяць. Ты будзеш жыць у тых песнях, якія напісаў і якія мы выконвалі разам з табой. Перад вачыма стаіць толькі твая шчаслівая ўсмешка. Мы выказваем словы падтрымкі тваім бацькам, родным, братам, сёстрам, тваёй жонцы і маленькаму сыну, усім тваім сябрам, усім, хто цябе ведаў і любіў. Ілля, ты пакінуў нам частку сваёй душы. Тваю музыку будуць слухаць. Твае песні будуць спяваць. Ты будзеш жыць у нашых сэрцах. Хай там на нябёсах Табе будзе цёпла. Ілля! Мы любім цябе і смуткуем».

Гурт «Napoli» быў заснаваны ў 2012 годзе. За гэты час калектывам былі запісаныя восем песень. Гурт паспеў выступіць на «Славянскім базары» і шэрагу іншых афіцыйных мерапрыемстваў. У 2014 годзе «Napoli» трапіў у фінал адборачнага конкурсу песні «Еўрабачанне 2014».

Апошнія навіны