BE RU EN

Аршанскага таксіста з рэўнасці забіў расеец

  • 26.03.2014, 12:10

Праваахоўныя органы паведамляюць пра раскрыццё гучнага забойства ў Аршанскім раёне.

Нагадаем, 1 сакавіка каля 4 гадзін раніцы цела таксіста з Оршы знайшлі ў кювеце аўтадарогі Орша-Дуброўна. Труп выявілі дарожныя рабочыя. Таксіст памёр ад шматлікіх нажавых раненняў. Яго аўтамабіль знайшлі непадалёк ў спраўным стане. Злачынца не ўзяў ні грошы, ні дарагі залаты ланцужок, які быў на забітым.

- Па непасрэдна ўзніклым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства быў затрыманы грамадзянін Расейскай Федэрацыі, 1985 года нараджэння, - распавяла «Комсомольской правде в Беларуси» афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Віцебскай вобласці Іна Гарбачова. - У ходзе папярэдняга следства ўстаноўлена, што абвінавачваны раней падтрымліваў адносіны з нявестай забітага, у сувязі з чым на глебе рэўнасці, у абвінавачанага ўзнік намер на здзяйсненне забойства. З гэтай мэтай мужчына прыбыў у горад Оршу з Расейскай Федэрацыі, дзе пражываў пастаянна, высачыў забітага, ажыццявіў падрыхтоўчыя дзеянні і здзейсніў злачынства.

Абвінавачаны доўга назіраў за таксістам, падрыхтаваў прыладу злачынства, а пасля здзяйснення забойства спаліў сваю вопратку і змяніў аўтамабіль. Зараз падазраваны заключаны пад варту, прынятае рашэнне аб прад'яўленні яму абвінавачвання.

- Раскрыццём гэтага асабліва цяжкага злачынства займаліся найбольш вопытныя следчыя УСК Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці і супрацоўнікі крымінальнага вышуку Аршанскага РАУС і УУС Вітаблвыканкама. Вялікую дапамогу аказалі калегі з праваахоўных органаў Расейскай Федэрацыі, з якімі наладжанае даўняе і цеснае супрацоўніцтва, - падкрэсліла Іна Гарбачова.

Апошнія навіны