BE RU EN

ЗША гатовыя выканаць абавязацельствы перад Украінай па Будапешцкім мемарандуме

  • 25.03.2014, 16:32

Вашынгтон пацвердзіў гатоўнасць выканаць свае абавязацельствы па абароне незалежнасці Украіны.

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве Украіны і ЗША, паведамляе ЛигаБизнесИнформ.

"Урад Злучаных Штатаў сёння пацвярджае гэта абавязацельства новаму ўраду Украіны і народу Украіны, уключаючы Крым", - адзначаецца ў заяве.

ЗША асуджаюць адмову Расейскай Федэрацыі выконваць свае абавязацельствы па Будапешцкім мемарандуме і яе аднабаковыя ваенныя дзеянні ва Украіне.

"Дзеянні Расеі падрываюць прынцыпы міжнароднай архітэктуры бяспекі і нясуць пагрозу міру і бяспецы ў Еўропе. Украіна і Злучаныя Штаты Амерыкі адзначаюць, што яны не будуць прызнаваць супрацьпраўную спробу Расеі анэксаваць Крым. Крым з'яўляецца складовай часткай Украіны", - гаворыцца ў дакуменце.

У заяве адзначаецца, што Украіна і Злучаныя Штаты Амерыкі пацвярджаюць выкананне сваіх абавязацельстваў адносна нераспаўсюджвання ядзернай зброі.

"Украіна і Злучаныя Штаты будуць працягваць супрацоўніцтва па прадухіленні ядзернага распаўсюджвання шляхам узмацнення патэнцыялу Украіны выяўляць ядзерныя матэрыялы на яе межах, прадастаўляць фізічную абарону аб'ектам, якія маюць ядзерныя або радыеактыўныя матэрыялы, і падтрымліваць адпаведную сістэму экспартнага кантролю з мэтай дасягнення мэтаў саміту па ядзернай бяспецы", - адзначаецца ў заяве.

Нагадаем, учора генеральны сакратар Арганізацыі аб'яднаных нацый (ААН) Пан Гі Мун падчас саміту па атамнай бяспецы ў Гаазе таксама заявіў аб парушэнні гарантый Будапешцкага мемарандума.

Як вядома, Будапешцкі мемарандум аб гарантыях бяспекі ў сувязі з далучэннем Украіны да дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі прадугледжвае падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, адмову ад эканамічнага ціску, прымянення ядзернай зброі ці звычайных узброеных сілаў супраць Украіны з боку ўсіх краін, якія яго падпісалі, а таксама супрацьдзеянне падобным дзеянням трэцяга боку. Дакумент падпісалі ЗША, РФ і Велікабрытанія. Падпісаўшы гэты мемарандум ў 1994 годзе, Украіна адмовілася ад ядзернай зброі.

Апошнія навіны