BE RU EN

Папа Рымскі блаславіў фільм «Ной»

  • 25.03.2014, 15:41

Францыск даў блаславенне фільму Дарэна Аранофскі «Ной» і сустрэўся з Расэлам Кроў, які сыграў галоўнага героя карціны.

Пра жаданне сустрэцца з Папам акцёр напісаў у сваім «Твітэры». Сустрэча два разы пераносілася, але 24 сакавіка ўсё ж такі адбылася, паведамляе The Daily Mail. Пасля яе Расэл Кроў распавёў, што папа рымскі ўхваліў фільм, і адзначыў, што на фоне спрэчак вакол фільма «Ной» запрашэнне ў Ватыкан было для яго вялікім гонарам, піша БелаПАН.

На пробных паказах «Ной» выклікаў неадназначную рэакцыю гледачоў, асабліва тых, хто прадстаўляў розныя рэлігіі - яны крытыкавалі фільм за неадпаведнасць біблейскаму тэксту і сцэны з п'яным Ноем. У адпаведнасці з мусульманскімі традыцыямі наогул забаронена паказваць прарокаў, якім з'яўляецца Ной, таму ў шэрагу мусульманскіх дзяржаў карціна ўжо забароненая да паказу.

Беларусы змогуць убачыць «Ноя» ў кінатэатрах з 27 сакавіка.

Апошнія навіны