BE RU EN

Украінскія праваслаўныя пакідаюць Маскоўскі патрыярхат

  • 25.03.2014, 10:44

Вернікі УПЦ МП выходзяць са сваіх парафій, таму што не падзяляюць агрэсію Крамля.

Дырэктар рэлігійна-інфармацыйнай службы Украіны Тарас Анташэўскі лічыць, што гэтыя людзі наўрад ці пяройдуць у Кіеўскі патрыярхат УПЦ.

Ва УПЦ (МП) зарадзіўся асобны рух людзей, якія не ўспрымаюць агрэсіўную палітыку Расеі ў дачыненні да Украіны, заявіў Тарас Анташэўскі, піша львоўскае інфармацыйнае агенцтва "Вголос". Анташэўскі адзначыў, што гэтыя людзі пачынаюць выходзіць са сваіх парафій, таму што адчуваюць сябе лішнімі ў сваёй царкве. Пры гэтым пераход у Кіеўскі патрыярхат для такіх вернікаў - не выйсце.

"Для іх важны кананічны момант. Яны чакаюць, шукаюць паразуменне. Ведаем, што цяпер сустракаюцца прадстаўнікі розных патрыярхатаў для таго, каб дасягнуць узаемаразумення. Але бяда ў тым, што вельмі цяжка ў старыя мяхі уліць новае віно: павінен быць новы мех", - адзначыў дырэктар рэлігійна-інфармацыйнай службы Украіны.

У лютым сінод украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату заклікаў Украінскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхату і частку Украінскай аўтакефальнай царквы зліцца для арганізацыі ў адзіную памесную Украінскую праваслаўную царкву.

У сакавіку ў Крыме святары УПЦ МП пачалі інвентарызацыю цэркваў Кіеўскага патрыярхату. Як толькі ўкраінскія вайскоўцы пакінуць Перавальнае, царква на тэрыторыі вайсковай часткі пяройдзе ў рукі Маскоўскага патрыярхату, паведаміў арцыбіскуп УПЦ КП Клімент.

Апошнія навіны