«Кашалёк» Пуціна патрабуе дазволіць яму ездзіць у ЗША
- 25.03.2014, 9:47
Прэзідэнт РЖД Уладзімір Якунін просіць заходнія краіны зняць з яго санкцыі.
Для гэтага чыноўнік сабраў подпісы замежных дзеячаў. Пра гэта Уладзімір Якунін, санкцыі супраць якога былі ўведзеныя з-за падтрымкі акупацыі Крыма, напісаў у сваім блогу.
Ён падкрэсліў, што ўдзячны «сваім калегам і сябрам» за тое, што яны выказалі словы падтрымкі ў адкрытым лісце.
«Мы лічым асаблівай памылкай увядзенне санкцый супраць Уладзіміра Якуніна, які з'яўляецца не толькі Прэзідэнтам ААТ «Расейскія чыгункі», але і Прэзідэнтам-заснавальнікам Сусветнага грамадскага форуму «Дыялог цывілізацый», які мае кансультатыўны статус пры Эканамічнай і Сацыяльнай Радзе ААН (ЭКАСАС).
Больш за дзесяць гадоў Уладзімір Якунін прысвяціў справе развіцця дыялогу паміж рознымі рэлігіямі, культурамі і народамі, разумеючы дыялог як альтэрнатыву ўзброеным канфліктам», - гаворыцца ў дакуменце, складзеным у абарону «кашалька» Пуціна.
Аўтары ліста выступаюць за тое, каб Уладзімір Якунін і надалей змог «бесперашкодна працягваць сваю працу па стварэнні лепшага і бесканфліктнага свету, у якім пануе дыялог». Яны патрабуюць, каб яму далі магчымасць ездзіць у ЗША і «карыстацца вольным доступам да штаб-кватэры ААН як Прэзідэнт няўрадавай арганізацыі, якая мае кансультатыўны статус пры Эканамічнай і Сацыяльнай Радзе ААН».
Пад лістом стаяць подпісы 13 заходніх чыноўнікаў і дыпламатаў.
Нагадаем, што амерыканскія ўлады ў чацвер, 20 сакавіка, пашырылі спіс асоб, у дачыненні да якіх ўводзяцца санкцыі ў сувязі з падзеямі на Украіне, уключыўшы ў яго саўладальніка банка «Расея» Юрыя Кавальчука, кіраўніка РЖД Уладзіміра Якуніна, бізнесменаў Барыса і Аркадзя Ратэнбергаў і Генадзя Цімчанку.