BE RU EN

Віталь Клічко: Калі мы праглынем страту Крыма, наступным будзе Кіеў

  • 21.03.2014, 8:03

Пуцін цяпер робіць усё, каб ва Украіне панаваў хаос.

Прэзідэнт Расеі дамагаецца таго, каб украінцы не змаглі выбраць прэзідэнта. Такое меркаванне лідар партыі УДАР Віталь Клічко выказаў у эфіры "Свободы слова", паведамляе прэс-служба партыі.

Па словах палітыка, гэта дазволіць Расеі і далей уплываць на ўнутраныя працэсы ў краіне. Акрамя таго, на яго думку, Расеі неабходнае панаванне не толькі на Усходзе і Поўдні Украіны. «Задача - Кіеў і гэта трэба дакладна разумець. Калі мы сёння праглынем Крым, то далей могуць быць іншыя дзеянні ў дачыненні не толькі Украіны», - сказаў палітык.

На думку лідара партыі УДАР, сапраўдная мэта Пуціна - не Крым, яго сумніўная мэта - упісаць уласнае імя ў гісторыю як «збіральніка рускіх земляў». «І заявы Пуціна пра тое, што Кіеў - руская зямля, з'яўляецца таму пацвярджэннем. Расейскія СМІ працягваюць называць сваіх грамадзян, якія падбухторваюць сепаратызм ва Усходніх і Паўднёвых абласцях нашай краіны, барацьбітамі з фашыстамі і радыкаламі. Іх мэта - дэстабілізаваць сітуацыю, і нам трэба быць гатовымі, што іх задача максімум не Данецк, Харкаў або Луганск, іх задача - Кіеў. І мы павінны супрацьстаяць магчымай агрэсіі», - адзначыў палітык.

«Крым мы зможам вярнуць назад праз некаторы час, калі расейскі аўтарытарызм перастане дзейнічаць», - лічыць Клічко.

Таксама ён дадаў, што трэба стабілізаваць сітуацыю і прымусіць Расею зрабіць Крым дэмілітарызаванай зонай, каб там не было ніякіх войскаў, уключаючы Чарнаморскі флот.

Каб захапіць уладу ў Крыме, Расейская Федэрацыя выкарыстала зручны для яе момант, калі ва Украіне яшчэ не існавала сфармаваная выразная вертыкаль улады пасля падзення рэжыму Януковіча.

«Расея ўжо даўно праводзіла ў Крыме прамую незавэлюмаваную агітацыю, выдачу расейскіх пашпартоў. Доўгі час расейскія тэлеканалы падагравалі антыўкраінскія настроі. І многія ўкраінскія палітыкі таксама прама, не хаваючы, распаўсюджвалі непраўдзівую антыўкраінскую інфармацыю», - адзначыў Клічко.

Ён перакананы, што спыніць расейскі аўтарытарызм змогуць самі грамадзяне Расеі. «Мітынг у падтрымку Украіны ў Маскве сабраў значна больш людзей, чым мітынг на Балотнай плошчы. Гэта дэманструе, што ў Расеі, нягледзячы на замбіяванне грамадзян праўладнымі СМІ, у грамадстве існуюць пратэстныя настроі. Упэўнены, што расейцы змогуць спыніць аўтарытарызм у Расеі», - сказаў Віталь Клічко.

Паводле яго слоў, Кіеў павінен тэрмінова забяспечыць усе ўмовы і зрабіць усё магчымае для таго, каб вывесці нашых вайскоўцаў і членаў іх сем'яў на месцы часовай дыслакацыі ваенных частак па-за тэрыторыяй Крыма. «Чым даўжэй адцягваецца працэс вываду вайскоўцаў, тым большы ціск на іх аказваецца. Мы бачым, што многія вайсковыя часткі цяпер без электразабеспячэння, без вады, пад шалёным псіхалагічным ціскам. Я звяртаўся да Галоўнакамандуючага з просьбай актывізаваць працу па вывядзенні вайскоўцаў, якія знаходзяцца ў Крыме, на мацерыковую частку Украіны», - адзначыў Клічко.

У гэты ж час, адказваючы на пытанне аб сепаратысцкіх настроях сярод часткі насельніцтва Усходу Украіны, Клічко адзначыў, што гэта - інспіраваная сітуацыя і ўплыў расейскіх СМІ, якія распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю ў традыцыях прапаганды Савецкага Саюза. «Мы павінны гаварыць з людзьмі на Усходзе і Поўдні, бо ранейшая ўлада і прарасейскія СМІ рабілі ўсё, каб сутыкнуць людзей у пытаннях мовы, нацыянальнасці, самакіравання. Цяпер нам трэба зрабіць усё, каб самакіраванне запрацавала, правесці дэцэнтралізацыю бюджэту, даць магчымасць суполкам на месцах вырашаць мясцовыя пытанні», - падкрэсліў лідар УДАРу.

Апошнія навіны