Дзярждума гатовая разгледзець закон аб захопе Усходняй Украіны
- 20.03.2014, 23:12
Расейскія дэпутаты хочуць акупаваць усход і поўдзень Украіны па «крымскім сцэнары».
Гэта будзе магчыма, калі жыхары паўднёва-усходніх абласцей прагаласуюць на «рэферэндуме» за ўваходжанне ў склад Расеі. Дэпутаты гатовыя паставіць пытанне аб далучэнні паўднёва-усходу Украіны, калі жыхары гэтых абласцей прагаласуюць на рэферэндуме за ўваход у склад Расеі, паведамілі Русской службе новостей дэпутат Дзярждумы, член фракцыі ЛДПР Ілля Драздоў і дэпутат Дзярждумы, член фракцыі Адзіная Расея Франц Клінцэвіч.
«Калі будзе рэферэндум, то рэакцыя ва ўсходніх абласцях будзе аналагічнай, як у Крыме», - сказаў Драздоў.
Дэпутат Дзярждумы Франц Клінцэвіч дадаў, што «рашэнне грамадзян для нас будзе законам».
Нагадаем, сёння Дзярждума на адмысловай сесіі ратыфікавала дамову аб далучэнні Крыма і Севастопаля да Расейскай Федэрацыі. За ратыфікацыю дамовы прагаласавалі 443 дэпутата, адзін супраць.
Фота: Reuters