BE RU EN

Амерыканскія СМІ смяюцца з «дробязных» санкцый супраць Расеі

  • 20.03.2014, 15:58

Абвешчаныя Абамам санкцыі бескарысныя, паколькі выстаўляюць ЗША слабымі.

Амерыканскае выданне Washington Post назвала санкцыі ЗША "маленечкім уколам", а Los Angeles Times ахарактарызавала іх як "дробязныя". І ліберальная Washington Post, і кансерватыўная Wall Street Journal у адзін голас адзначылі, што фінансавыя і валютныя рынкі Расеі не выпадкова адрэагавалі на амбамаўскія санкцыі радасным узлётам каціровак.

ЗША і іх саюзнікі пакуль рэагуюць на анэксію Крыма менш жорстка, чым яны пагражалі, і чым чакалі біржы, піша Washington Post, якая папярэджвае, што "калі Захад неадкладна не прыме меры супраць алігархаў, гангстэраў і банкаў, якія падпіраюць расейскі рэжым, то гэта, хутчэй за ўсё, прывядзе да новай агрэсіі", перадае BBC.

Газета нагадвае, што германскі канцлер Ангела Меркель пагражала Расеі санкцыямі, "якія нанясуць Расеі значную эканамічную і палітычную шкоду", і падкрэслівае, што Барак Абама зараз падвергнуў ім усяго семярых расейцаў і чацвёра ўкраінцаў, закрыўшы ім візы і замарозіўшы іх авуары. "Сярод гэтых людзей ёсць шэраг бліжэйшых палітычных дарадцаў Пуціна, - піша Washington Post, - але нікога з грашовых мяшкоў, якія стаяць за яго рэжымам, не кажучы ўжо пра банкі або энергетычныя фірмы, на якіх грунтуецца эканоміка Расеі".

"Я думаю, Уладзімір Пуцін будзе акрылены такой малахольнасцю, - заявіў з нагоды новых санкцый сенатар-рэспубліканец Джон Макейн, які вярнуўся з паездкі ў Кіеў, дзе ён узначальваў дэлегацыю з васьмі членаў сената ЗША. - Наклалі санкцыі на семярых чалавек, і гэта пасля непрыхаванай агрэсіі!"

"Я абалдзяваю! - сказаў газеце Boston Herald Віктар Дэвід Хэнсан з Гувераўскага інстытута. - Гэта як калі б Велікабрытанія і Францыя вырашылі арыштаваць авуары Гебельса і Герынга, калі Германія ўварвалася ў Польшчу".

Назваўшы Пуціна "бандытам", Хэнсан заўважыў, што таго не хвалюе сусветнае грамадскае меркаванне: "Яго хвалюе толькі тое, ці будзе яму лепш, калі ён заграбастае Украіну ці Крым. Трэба пераканаць яго, што будзе горш. Вы ж не будзеце гаварыць хулігану: тое, што вы робіце, контрпрадуктыўна. А мы менавіта гэта і сказалі".

"Над ім пацяшаюцца, асабліва рускія, таму што яго заява і яго палітыка смеху вартыя,- заявіў з нагоды санкцый Абамы кансерватыўны аглядальнік Чарльз Краутхамер, выступаючы па тэлеканале Fox News. - У яго не так шмат казыроў, але нейкія ўсё ж маюцца. І калі ён думае, што накласці санкцыі на семярых рускіх з насельніцтва ў 140 мільёнаў - гэта сапраўдныя санкцыі, то ён жыве ў нейкім іншым свеце".

"Што мы маглі зрабіць - гэта задаволіць просьбу ўкраінцаў, з якой звярнуўся іх прэзідэнт, калі ён быў тут на тым тыдні, - працягваў Краутхамер, маючы на ўвазе выконваючага абавязкі прэм'ер-міністра Украіны Арсенія Яцанюка. - Яны папрасілі ў Пентагона зброю, а мы сказалі "не", таму што ўзбройваць ахвяру агрэсіі - гэта правакацыя. Таму мы сказалі "не", мы будзем даваць ім вайсковыя пайкі. Гэта, вядома, адаб'е рускія танкі, можаце не сумнявацца".

"Курс акцый на маскоўскай біржы, якую два тыдні запар ліхаманіла з-за асцярог з нагоды заходніх санкцый, падскочыў на 3,7%, - піша The Wall Street Journal. - З чым вас і віншуем, спадар прэзідэнт". Па словах газеты, напэўна, нават Пуцін не чакаў, што заходнія санкцыі будуць такімі слабымі. Wall Street Journal пералічвае "цудоўную сямёрку" расейцаў, якія падвергліся санкцыям, адзначаючы, што пяцёра з іх ліку - гэта заканадаўцы, якія маюць мала ўплыву, і падкрэслівае, што ў гэтым спісе няма ні Сяргея Шайгу, ні Сяргея Іванова, ні Аляксандра Бортнікава, якія ўваходзяць у вузкае кола набліжаных Пуціна, у якім прымаюцца рашэнні па Украіне.

Няма ў спісе і пуцінскіх "грашовых мяшкоў", такіх як Аляксей Мілер (Газпрам), Ігар Сечын (Раснафта) або Генадзь Цімчанка. Як піша газета, у гэтых людзей маюцца авуары і дзелавыя інтарэсы ў Еўропе і Амерыцы, і абмежаванне іх здольнасці інвеставаць або ездзіць па свеце прынесла б бліжэйшаму пуцінскаму атачэнню фінансавыя нягоды.

"Санкцыі - гэта не ідэальны інструмент знешняй палітыкі, - заключае Wall Street Journal, - але слабая эканоміка Расеі і яе залежнасць ад заходніх рынкаў капіталу даюць ЗША і Еўропе пэўныя сродкі ўплыву толькі калі яны сур'ёзна настроены. Абвешчаныя Абамам санкцыі горш, чым бескарысныя, паколькі галоўным іх вынікам будзе тое, што Амерыка здасца слабай".

Апошнія навіны