BE RU EN

Вакарчук назваў 10 прынцыпаў для новай улады

  • 20.03.2014, 10:50

Лідар гурта «Океан Эльзы» Святаслаў Вакарчук выступіў са зваротам да ўкраінскай улады.

«Сёння ва Украіну прыйшлі няпростыя часы. Гэта і пагроза страты часткі тэрыторыі, і неспакойная сітуацыя ў рэгіёнах, і эканамічныя выклікі, і многае іншае. У гэтай сітуацыі вы не маеце права на памылкі», - гаворыцца ў звароце Вакарчука.

«Не, я маю на ўвазе не памылкі ў працэсе працы, якія былі, ёсць і будуць у кожнага, хто працуе. Я кажу пра стратэгічныя памылкі, якія могуць прывесці не толькі да страты вамі гэтай улады, але і да страты намі - цэласнай і стабільнай краіны», - адзначыў ён.

«Не ідзіце шляхам сваіх папярэднікаў», - заклікаў Вакарчук і назваў 10 прынцыпаў, па якіх павінна дзейнічаць новая ўлада:

1. Не прызначаць на пасады па філасофіі «свой - чужы». Усе прызначэнні павінны адбывацца па прынцыпе «трох П»: Патрыятызм, Прыстойнасць, Прафесіяналізм.

2. Уважліва слухаць і чуць усе без выключэння рэгіёны Украіны. На Усходзе і Захадзе. І ў першую чаргу - голас простых людзей.

3. Закон - адзін для ўсіх. Не рабіце «паляванне на ведзьмаў». І не выгароджвайце сваіх. Нішто так не адпуджвае, як падвойныя стандарты.

4. Забудзьцеся пра партыйныя прынцыпы і квоты. Гэта пагібельная і неэфектыўная практыка. Яна робіць уладу вузкалобай.

5. Шчыра, выразна і празрыста расказвайце людзям пра ўсе свае крокі і абгрунтоўвайце іх. Любая непапулярная рэформа можа быць прынята станоўча, калі людзі будуць ведаць як, чаму і навошта яна робіцца.

6. Пачынайце эканомію сродкаў з сябе. І толькі з сябе. Чыноўнікам на Мэрсэдэсах не верыць ніхто.

7. Інфармацыйная бяспека павінна стаць прыярытэтам. Свабода слова - недатыкальная. Але толькі да таго моманту, пакуль яна не пагражае свабодзе ўласнага народа.

8. Выкарыстоўвайце па максімуму моцныя бакі дзяржавы. Геапалітычныя, эканамічныя, палітычныя, любыя. Дзейнічайце ўзгоднена. Біце ў адну кропку.

9. Эканамічны поспех павінен адразу ж адбівацца на якасці ўзброеных сілаў. Моцная армія - залог міру і цэласнасці дзяржавы.

10. Падавайце руку палітычным апанентам, калі гэта працуе на поспех дзяржавы. Сёння няма апазіцыі і ўлады. Сёння ёсць тыя, хто за моцную Украіну, і тыя хто супраць яе.

Мы розныя, але мы разам - вось наша нацыянальная ідэя.

Апошнія навіны