BE RU EN

Юрый Якіменка: Крым стане галаўным болем Расеі

  • 20.03.2014, 9:56

Анэксіяй паўвострава Крэмль адкрыў скрыню Пандоры.

Так намеснік гендырэктара ўкраінскага аналітычнага цэнтра імя Разумкова Юрый Якіменка пракаментаваў сайту charter97.org падпісанне Пуціным дамовы аб акупацыі Крыма.

«Я думаю, што цяпер у Крыма няпростая будучыня. Нягледзячы на тыя паспешлівыя рашэнні, якія прымаюцца Расеяй, паўвостраў яшчэ даволі доўгі час будзе зонай канфлікту з нявызначанай юрысдыкцыяй, якая не прызнаная міжнароднай супольнасцю. Пройдзе некалькі гадоў шматбаковых перамоваў з тым, каб нейкім чынам атрымаць больш-менш прымальны статус Крыма, які быў бы ўсімі прызнаны і ў першую чаргу Украінай», - лічыць эксперт.

Аналітык адзначыў, што адной з мэтаў Расеі магло быць стварэнне на ўкраінскай тэрыторыі зоны нестабільнасці па прыкладзе Паўднёвай Асеціі і Прыднястроўя.

«Што тычыцца эканамічнага аспекту, то ўсе моманты будуць перагледжаныя. Напрыклад, цяперашняя крымская ўлада заблакавала казначэйскія рахункі і крымчанам немагчыма выплаціць пенсіі, не кажучы пра тое, што курортны сезон ужо накрыўся. Многія эканамічныя пытанні, якія тычацца нацыяналізацыі ўкраінскіх аб'ектаў, маёмасці ўзброеных сіл і флоту, а таксама многія іншыя рэчы будуць прадметам разгляду ў міжнародных судах. І на самой справе гэта галаўны боль, які трэба будзе атрымаць і Расеі», - упэўнены Юрый Якіменка.

Нагадаем, учора прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і самаабвешчаныя прадстаўнікі крымскіх уладаў - «кіраўнік урада» Сяргей Аксёнаў, спікер распушчанага Вярхоўнай Радай крымскага парламента Уладзімір Канстанцінаў і «мэр» Севастопаля Аляксей Чалы падпісалі ў Крамлі дамову аб уключэнні Крыма і Севастопаля ў склад Расеі ў якасці новых суб'ектаў.

Пасля гэтага расейскія акупанты пачалі нападаць на ўкраінскія ваенныя аб'екты ў Крыме.

Апошнія навіны