BE RU EN

Прэзідэнцкі Савет па правах чалавека выступіў супраць Пуціна

  • 2.03.2014, 19:45

Савет па правах чалавека пры прэзідэнце Расеі выказаўся супраць уводу войскаў ва Украіну.

Яго чальцы называюць інфармацыю пра напады, беспарадкі і забойствы на тэрыторыі Крыму, на падставе якой Савет Федэрацыі санкцыянаваў увод войскаў ва Украіну, недакладнай і перабольшанай. У прыватнасці, савет усумніўся ў праўдзівасці інфармацыі аб ахвярах сярод мірнага насельніцтва, што была агучаная на пасяджэнні Савфеда.

Пра гэта гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце СПЧ.

У паведамленні адзначаецца, што, насуперак абвешчанай на пасяджэнні інфармацыі, ахвяраў і параненых сярод мірных жыхароў і вайскоўцаў у апошнія два дні не было. Гэта савету пацвердзіў яго чалец Андрэй Юраў, які знаходзіцца цяпер у Крыме. На думку савета, пацверджаных выпадкаў самавольства і гвалту ва Украіне недастаткова для ўводу войскаў.

Аўтары заявы падкрэсліваюць, што выкарыстанне знешняй вайсковай сілы супярэчыць міжнародным абавязкам Расеі і пацягне парушэнне суверэнітэту іншай дзяржавы. Акрамя таго, удакладняецца ў дакуменце, выкарыстанне ўзброеных сіл заўсёды багата далейшай эскалацыяй гвалту і больш маштабнымі парушэннямі правоў чалавека.

У сувязі з гэтым савет лічыць неабходным цалкам выключыць выкарыстанне ўзброеных сіл у час унутрыпалітычнага крызісу ва Украіне і прыкласці ўсе намаганні для ўрэгулявання канфлікту мірным шляхам. У прыватнасці, чальцы савета заклікалі да перамоваў па ўсіх спрэчных пытаннях, уключаючы статус моў.

Санкцыя на ўвод войскаў ва Украіну была выдадзена Саветам Федэрацыі 1 сакавіка паводле просьбы прэзідэнта Уладзіміра Пуціна. Сенатары абгрунтавалі сваю пастанову неабходнасцю абараніць расейцаў, якія пражываюць у ахопленай палітычным крызісам дзяржаве. Пры гэтым на гэты момант дадатковы воінскі кантынгент Расеяй не ўводзіўся.

У сваю чаргу міжнародная супольнасць ахарактарызавала пастанову Савфеда як акт агрэсіі ў дачыненні да суверэннай дзяржавы, а дзяржсакратар ЗША Джон Кэры прыгразіў Маскве эканамічнай блакадай. Ва Украіне тым часам прывялі войска ў баявую гатоўнасць і абвясцілі мабілізацыю.

Апошнія навіны