BE RU EN

Кэтрын Эштан заклікала Расею не далучаць Крым

  • 17.03.2014, 21:30

Лідары краін ЕЗ заклікалі расейскія ўлады не далучаць Крым і зрабіць крокі для зніжэння напружанасці сітуацыі.

Пра гэта заявіла пасля сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў ЕЗ у Бруселі кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Кэтрын Эштан, піша «Корреспондент».

«Мы заклікаем расейскае кіраўніцтва не рабіць крокаў для далучэння Крыма і зрабіць крокі для зніжэння напружанасці сітуацыі», - заявіла Эштан.

Пры гэтым кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі адзначыла, што ЕЗ неаднаразова намагаў на важнасці добрых і трывалых стасункаў паміж Украінай і Расеяй, якая з'яўляецца «важным суседам і гандлёвым партнёрам».

«Я спадзяюся, што пастановы, якія прыме Расея, будуць правільнымі, і мы ўбачым дээскалацыю крызісу. Украіна мае патрэбу ў трывалых стасунках з Расеяй, пра што мы ўвесь час гаворым. Але тэрытарыяльная цэласнасць і магчымасць рухацца наперад, як незалежная дзяржава, павінна паважацца», - сказала еўракамісар.

Што да санкцый супраць Расеі, яна дадала, што гэтую пастанову канчаткова прымуць міністры замежных спраў ЕЗ.

Акрамя гэтага Эштан нагадала, што пазіцыя ЕЗ не прызнае вынікаў рэферэндуму ў Крыме.

Нагадаем, перад пачаткам сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў ЕЗ, Кэтрын Эштан заклікала Расею да прамога дыялогу з Украінай. Напярэдадні ў Крыме адбыўся непрызнаны светам «рэферэндум», паводле вынікаў якога Рада Міністраў паўвострава абвясціла аддзяленне ад Украіны і звярнулася да Расеі з просьбай далучыць аўтаномію.

Апошнія навіны