BE RU EN

Раман Якаўлеўскі: Шавіністычны чад загубіць Расею

  • 17.03.2014, 15:46

100 гадоў таму развал Расейскай імперыі таксама пачынаўся з крыкаў пра патрыятызм і падтрымку цара.

Так палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі пракаментаваў сайту charter97.org вынікі крымскага «рэфэрэндуму».

«Рашучасць украінскага кіраўніцтва даволі моцная. Пра гэта сведчыць абвешчаная частковая мабілізацыя, а таксама заявы Яцанюка аб тым, што зямля будзе гарэць і пад акупантамі і іх памагатымі, якія штурмуюць адміністрацыйныя будынкі ў Данецку і іншых гарадах. Я б таксама рэкамендаваў вельмі сур'ёзна аднесціяся да заяваў Дзмітрыя Яраша пра гатоўнасць разгарнуць супраціў і з дапамогай дыверсій супраць акупантаў, у прыватнасці датычна трубаправодаў з расейскім газам на тэрыторыі Украіны. Таксама я б цалкам не выключаў пагроз аб тым, што ўкраінскі супраціў можа праявіцца і на тэрыторыі самой Расеі, як гэта было з чачэнцамі. Што тычыцца рэакцыі міжнароднай супольнасці, то пра яе стане вядома сёння, так як у Брусэлі на пасяджэнні Рады міністраў ЕЗ будуць разглядаць увядзенне санкцый супраць Расеі. Пытанне ў тым, якімі яны будуць», - адзначыў ён.

Аглядальнік дадаў, што «пасля таго, як крымчане «прагаласавалі» за ўключэнне ў склад Расейскай Федэрацыі, многія схіляюцца да таго, што Крым, па меншай меры на пэўны час стане другім Прыднястроўем».

«Таксама нельга не сказаць, што на маскоўскі мітынг супраць вайны ва Украіне выйшлі 50 тысяч чалавек. Тым не менш большасць у Расеі падтрымлівае неаімперыялізм Пуціна. У гэтым годзе будзе 100 гадоў з пачатку Першай сусветнай вайны. І варта адзначыць, што ў 1914 годзе таксама ўсе падтрымлівалі Мікалая II і крычалі пра патрыятызм. Але чым гэта скончылася і для самога цара, і для самой Расеі, добра вядома. Так што сённяшні шавіністычны чад не будзе вечным і будзе згубны для самой Расеі», - упэўнены Раман Якаўлеўскі.

Нагадаем, 16 сакавіка ў Крыме прайшоў «рэферэндум», вынікі якога не прызнаныя ўкраінскімі ўладамі, краінамі Захаду, а таксама аўтарытэтнымі міжнароднымі арганізацыямі.

Апошнія навіны