BE RU EN

Расея перакінула ў Севастопаль 54 найноўшых БТРы

  • 16.03.2014, 16:16

Верагодная мэта - выпрабаванне ў «баявых умовах».

Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» вайсковы экспэрт і кіраўнік украінскага Цэнтра вайскова-палітычных даследаванняў Дзмітрый Тымчук.

«Нашыя крыніцы зафіксавалі прыбыццё ў Севастопаль 54 адзінак найноўшых расейскіх бронетранспарцёраў БТР 82А. Мяркуючы з усяго, такім чынам расейцы наважылі абкатаць новую машыну ў «баявых умовах» - БТР 82А афіцыйна ўзялі на ўзбраенне расейскага войска толькі ў лютым 2013 года, год назад», - піша ён.

Паводле ягоных слоў, больш старыя мадэлі цяперашняя значна пераўзыходзіць.

«Машына з’яўляецца прадуктам глыбокай мадэрнізацыі БТР-80А, якія стаяць на ўзбраенні, і пераўзыходзіць свайго папярэдніка практычна ва ўсіх паказчыках. Маса - 16 тон. Машына абсталяваная дызельным рухавіком з турбанадзіманнем магутнасцю 300 конскіх сіл. Бронетранспарцёры таксама маюць дапаможныя дызельныя генератары, якія дазваляюць бартавому абсталяванню працаваць нават пры адключэнні асноўных рухавікоў. Узбраенне - 30-мм аўтаматычная гармата 2А72 і танкавы кулямёт ПКТМ калібра 7,62 міліметра», - піша ДЗмітрый Тымчук.

Расейскі БТР 82А разам з украінскім БТР-4 увайшоў у дзесятку лепшых бронетранспарцёраў свету паводле паказчыкаў абароны агнявой моцы і мабільнасці.

Апошнія навіны